Федэрацыя хакею дазволіла Міхаілу Захараву не кантактаваць з прэсай

Федэрацыя хакею Беларусі дазволіла галоўнаму трэнеру мінскага "Юнацтва" Міхаілу Захараву не кантактаваць з прэсай у перыяд правядзення матчаў плэй-оф, уключаючы фінал. Як паведаміў спартовы дырэктар ФХРБ Уладзімір Швабоўскі, перад пачаткам плэй-оф Захараў звярнуўся ў Федэрацыю хакею і папрасіў дазволіць яму не прысутнічаць на прэс-канферэнцыях пасля матчаў. "Юнацтва" на прэс-канферэнцыях цяпер будзе прадстаўляць трэнер Аляксей Шчабланаў. Швабоўскі не назваў прычыны, па якіх Захараў адмовіўся ад кантактаў з прэсай.

Прадстаўнік ФХРБ пацвердзіў, што рэгламент загадвае галоўнаму трэнеру наведваць пасляматчавыя прэс-канферэнцыі, але даў зразумець, што федэрацыя была пастаўленая перад выбарам: альбо на прэс-канферэнцыі прыходзіць Захараў і маўчыць, альбо хтосьці іншы з трэнерскага штаба "Юнацтва" адказвае на пытанні.

Як нагадвае БелаПАН, Міхаіл Захараў, які кіраваў нацыянальнай зборнай падчас падрыхтоўкі і ўдзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях-2010, зазнаў крытыку ў СМІ і ад заўзятараў за няўдалы выступ у Ванкуверы (9-е месца) і рэзкія выказванні ў адрас канадскай зборнай і арганізатараў Алімпіяды, якія, на яго думку, не стварылі належных умоваў для падрыхтоўкі каманды да матчу са Швейцарыяй за выхад у чвэрцьфінал.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі