Фельчар хуткай: Часта родныя не хочуць дапамагаць несці хворых сваякоў

Сітуацыя: старэнькая суседка зламала нагу, неяк дапаўзла да дзвярэй і папрасіла аб дапамозе. Хуткая прыехала, але транспарціраваць хворую не стала. Неабыякавыя да суседкі людзі шукалі моцных мужчын, каб тыя аказалі дапамогу.

Зразумела, што дактары лечаць, а не носяць людзей. Як быць у гэтай сітуацыі, тлумачыць Павел Удот, намеснік галоўнага ўрача Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Доктар кажа, што праблемы не павінна ўзнікаць – усё прапісана ў працоўнай інструкцыі.

“Транспарціроўка хворых не праблема родных. Доктар абавязаны ці арганізаваць транспарціроўку пры ўдзеле іншых людзей, ці зрабіць гэта сам. Калі ён гэтага не робіць, значыць парушае інструкцыю”.

Окей, а калі на выклік прыязджаюць дзве маладыя дзяўчыны, у якіх па 50 кілаграмаў вагі і здарэнне адбылося ноччу? Куды ім цягнуць насілкі, дзе тады знайсці “моцных мужчын”?

Загадчыца падстанцыі № 6 хуткай медыцынскай дапамогі Таццяна Лычкоўская адпрацавала на хуткай 25 гадоў. Доктар супакойвае – бязвыхадных сітуацый не існуе.

“Звычайна нехта дапамагае – ці суседзі, ці на вуліцу выйсці, і нехта дапаможа. Можна выклікаць іншую брыгаду. Не было такога, каб ніхто не адазваўся – чалавеку ў белым халаце, у форме, звычайна не адмаўляюць”, – супакойвае доктар.

48-гадовы фельчар Ларыса працуе на хуткай аграгарадка Індура, ён знаходзіцца пад Гродна. Змяніць нялёгкую працу Ларыса не можа, бо няма іншага дыплома, і не хоча – хутка на льготную пенсію. Да таго ж, да працы ўжо прывыкла.

“Калі я магу цягнуць – буду перці, пакуль ёсць сілы, а калі не – мяне хоць пад аўтамат пастаў, я не змагу. У нас такая прафесія, гуманная, – разважае Ларыса і кажа, што ад прафесіі нікуды не падзецца. – А  калі старыя на вёсцы? Яны адзінокія, іх і мыеш, і абмываеш, прабачце. Калі цяжкі чалавек –  у нас некалі жанчына важыла пад 300 кілаграмаў – дык мнснікаў выклікалі. Можам іншую брыгаду выклікаць з мужчынамі”.

Фельчар хуткай з Мінска Настасся з сумам адзначае, што вельмі часта самі родныя адмаўляюцца несці хворых сваякоў, адмаўляюцца і суседзі, і знайсці дапамогу насамрэч не так і лёгка. Часта бываюць алкаголікі, якія могуць ісці, але не хочуць – нясіце мяне, маўляў. Настасся кажа, што ўспрымае такія сітуацыі з лёгкай іроніяй – без гэтага выжыць ў прафесіі амаль не магчыма.

“Я маю вагу 48 кілаграмаў, напарнік ці напарніца – прыкладна такая ж, а калі бабуля пад 100 кілаграмаў? Куды мы яе пацягнем? Можна выклікаць іншую брыгаду, з хлопцамі, але і ў іх спіны часта хворыя. Можна выклікаць мнснікаў, ці цягнеш сам  – за змену ў сярэднім пераносім пяць чалавек. У аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі – там такіх сітуацый больш. Носім, а што рабіць. Але можна так насіць-насіць і аднойчы выпусціць”, – адзначае Настасся. Яна кажа, што за транспарціроўку хворых нічога не даплачваецца.

А заробак фельчара хуткай дапамогі зараз складае каля 5-6 мільёнаў за штодзённую працу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі