Фэст “Must act” раскрые сакрэты “хакінгу гарадской прасторы”
Не чакаць веладарожку, а намаляваць яе. Не скардзіцца на непрыгожую лаўку, а ўпрыгожыць самому. У Мінску пройдзе “НЕфестываль” гарадскога актывізму.
“Мне не падабаецца цяперашняя сітуацыя з гарадской палітыкай, што жыхары ні ў чым не ўдзельнічаюць і нічога не вырашаюць, а, наадварот, за іх вырашаюць, як будуць выглядаць лавачкі, што па газонах нельга хадзіць, што помнікі нельга чапаць”, — распавядае Еўрарадыё каардынатар стрыт-арт-праекту “Signal” Алег Ларычаў пра матывы, якія змусілі яго арганізаваць у Мінску “НЕфестываль” пад называй “Must act”. Паводле задумкі, ён мусіць абудзіць гараджан і натхніць іх на актыўны ўдзел у жыцці месца, дзе яны жывуць, працуюць і адпачываюць.
Арганізатары заўважаюць, што за Мінскам замацавалася рэпутацыя “сумнага і мёртвага горада”, дзе шмат шырокіх праспектаў, плошчаў для маршаў, велізарных помнікаў. Словам, усяго такога мемарыяльнага, нежывога.
“Нам падалося, што варта паспрабаваць гэтае жыццё сюды прыўнесці, — кажа Алег. — І прадэманстраваць прыклады, як гэтае жыццё прыўносяць у горад вулічныя актывісты з іншых краінаў. А, магчыма, і натхніць нашых людзей далучацца да гэтага працэсу. Змяняць горад, вяртаць горад людзям”.
Цягам амаль цэлага тыдня — з 25 па 30 ліпеня — на “Must act” можна будзе паўдзельнічаць у воркшопах ад зорак сусветнай велічыні ў “хакінгу гарадской прасторы”, круглых сталах са спецыялістамі, гараджанамі і гарадскімі ўладамі, паслухаць лекцыі.
“Напрыклад, нямецкі калектыў крытычнай картаграфіі Orangotango разам з удзельнікамі свайго воркшопа візуалізуюць карту праблемаў Мінска”, — дадае Алег Ларычаў.
Арганізатары вераць, што ў Мінску процьма людзей, якія робяць ці хочуць нешта рабіць у сферы гарадскога актывізму, і запэўніваюць, што гэта вельмі карысна і сэнс з гэтага будзе. А ў пацвярджэнне прыводзяць нядаўні ўдалы прыклад узаемадзеяння з гарадскімі ўладамі ў Магілёве. На просьбу мясцовых актывістаў чыноўнікі аддалі цэлы раён горада для легальнай працы мастакоў стрыт-арту.
Фота: www.florianriviere.fr