FIFA заявіла, што страты ад дзейнасці Блатэра склалі 80 млн долараў
FIFA заявіла, што страты ад дзейнасці былога яе кіраўніка Ёзафа Блатэра, а таксама экс-генсека Жэрома Вальке, былога намесніка генсека Маркуса Катнера склалі 80 мільёнаў долараў (за апошнія 5 гадоў). Міжнародная федэрацыя футбола сцвярджае, што топ-менеджары штогод павышалі сабе заробкі ды выпісвалі прэміі, прыдумвалі і іншыя варыянты атрымання грошай. Адзначаецца, што існуюць доказы каардынацыі Блатэрам, Вальке і Катнерам сваіх дзеянняў з мэтай узбагачэння, паведамляе ВВС.
Усе гэтыя матэрыялы FIFA перадала ў швейцарскую пракуратуру і дэпартамент юстыцыі ЗША.
Карупцыйны скандал у Міжнароднай федэрацыі футбола распачаўся ў траўні 2015 года. Швейцарскія праваахоўнікі, пасля атрымання запыту ЗША, правялі затрыманне шэрагу функцыянераў арганізацыі. У выніку, кіраўнік FIFA Ёзаф Блатэр быў вымушаны пайсці ў адстаўку. з лютага 2016-га федэрацыяй кіруе Джані Інфанціна.