Фільм “Бульбяны джаз” чакае працяг і поўны метр

“Фільм адказвае на пытанне, што сёння адбываецца ў беларускай джазавай музыцы, — тлумачыць свой погляд на “Бульбяны джаз” галоўны эксперт стужкі Зміцер Падбярэзскі. —Збольшага, фільм дае менавіта сучасны зрэз, а я думаў, што першапачаткова планавалася паказаць гісторыю джазавай музыкі ў Беларусі. Але гэта ўжо рэжысёру меркаваць, што рабіць з матэрыялам, які сабраны. Тым больш, гістарычныя экскурсы ёсць і даволі нечаканыя нават для мяне”.

Прэзентацыя першага дакументальнага фільма пра беларускі джаз праходзіць у кавярні Loft. Праўда, аматараў джазу назіраецца тут не шмат.

“Джазавую музыку ў свеце слухае толькі 5% людзей, — не без суму дзеліцца ўражаннямі ад прэзентацыі ды працы над фільмам рэжысёр Віталь Карабань.Думаю, што сёння мы і сабралі тыя 5% беларускіх слухачоў. Карацей, галоўнае, што мы гэта зрабілі, і гэта ўжо добра, мне падаецца. Але адэкватна ацаніць фільм я не магу, бо я яго здымаў, я яго ўжо перагледзеў шмат разоў і на мантажным стале і, калі мы яго разбіралі і збіралі, шукаючы форму падачы… Мы ж толькі мантавалі яго месяц. Таму будзем спадзявацца, што гэты варыянт фільма — лепшы”.

Віталь адзначае, што цяпер заняты іншымі праектамі, але падумвае і пра працяг “Бульбянога джазу”. Калі з’явіцца вольны час і зноў знойдуцца альтруісты ў дапамогу, то не выключаецца і поўнаметражны фільм. Тым больш, самі музыкі ды героі стужкі вынікам задаволеныя.

Пасля прагляду фільма ў Loft пачынаецца джэм. Музыкаў пад сцэнай хапае, але, на дзіва, выходзіць яны не спяшаюцца. Гучыць некалькі кампазіцый, некалькі спробаў паджэміць, і Real Jazz Band паціху зварочваюцца.

“Я цікаўлюся джазам, але гісторыю беларускага джазу глыбока не ведаю, — распавядае Дзяніс Іскарцаў, выкладчык танцаў ліндзі-хоп і адзін з герояў стужкі. — Я чытаў інфармацыю пра гэта, меў уяўленне пра гістарычны ланцужок, але ў фільме Зміцер Падбярэзкі дадае камянёў і ўжо складаецца поўная карцінка. А гэта ўжо цікава. Ну, і не чакаў, што так шмат часу будзе аддадзена мне. Магчыма, я б мантаваў расповед пра ліндзі-хоп у Беларусі па-іншаму. Але агульнае ўражанне вельмі добрае. Нічога падобнага ў нас даўно ўжо не было. Таму “Бульбяны джаз” — гэта падзея!”

Вечар атрымаўся даволі скамячаным. Ды і радасці на тварах удзельнікаў стужкі ды проста аматараў беларускага джазу не было заўважна. Завяршаецца ўсё пад сусветныя тэмы з прыёмніка. Танцоры ліндзі-хоп, якія адкрывалі прэм’еру, зноў выходзяць танцаваць. Дарэчы, клуб Loft становіцца месцам прэзентацыі не выпадкова. Кожны аўторак тут праходзяць вечарынкі для танцораў і аматараў джазу, уваход вольны, а падрабязная інфармацыя на афіцыйным сайце.

Што ж тычыцца далейшага лёсу стужкі “Бульбяны джаз”, то тут няма ніякай дакладнасці. Спачатку ён паедзе на розныя фестывалі, а потым, хутчэй за ўсё, будзе выкладзены ў інтэрнэт. Збіраць неабходныя паперкі, каб аддаць яго на наша тэлебачанне, рэжысёр не плануе. Так што, ўсім, хто не прыйшоў на прэзентацыю, давядзецца доўга чакаць, каб паглядзець фільм.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі