"First SkyFloor" паказалі мінчукам "нябесны" джаз
Яшчэ
адно імя ў афішы міжнароднага праекту "Джазавы мост": у Мінску выступіў гурт
з Кёльну "First
SkyFloor" у тандэме
з адзіным
джазавым арганістам Беларусі Канстанцінам
Гарачым.
У такім складзе
музыканты выступілі ўпершыню.
На імпрэзе былі прадстаўлены толькі аўтарскія творы музыкантаў гурта. У новую канцэртную праграму "First SkyFloor" пагружалі гледачоў няспешна і слушна, нібыта завабліваючы ў пругкае сеціва свайго эмацыйнага і разнастайнага джазу. І толькі бліжэй да сярэдзіны праграмы, адчуваючы настрой, натхненне і кураж гледачоў, пачалі граць больш смела і ўзнёсла.
Цімафей Бірукоў (бубны, вібрафон)
Цімафей Бірукоў прадстаўляў кожную кампазіцыю канцэрта, перакладаў назвы
твораў з нямецкай мовы, распавядаў цікавыя гісторыі з жыцця гурта і шмат
жартаваў.
Канстанцін Гарачы (Hammond Organ)
Падчас некаторых асабліва паспяховых сола кожнага з музыкантаў, зала зрывалася
на доўгія апладысменты. І падавалася, што калі гэтае сола працягнецца яшчэ хоць
колькі секунд, над штодзённай мітуснёй, у прыгожых джазавых гармоніях
уздымуцца нават крэслы ў зале. А самі гледачы, як і абяцалі музыканты, у сваіх
эмоцыях апынуцца на першым паверсе нябёсаў і ужо адтуль будуць назіраць за шматкаляровымі ландшафтамі гуку.
Віталь Золатаў (гітара), Аляксей Малахаў (саксафон)
Некаторыя сола – напрыклад, "пераклічка" Косці Гарачага на Hammond Organ і Аляксея Малахава на ценар-саксафоне часам нагадвалі не проста дэманстрацыю магчымасцяў музычных інструментаў і таленту саміх музыкантаў, а эмацыйны дыялог закаханых мужчыны і жанчыны.
Праграма выступу складалася з матэрыялу 2-х запісаных музыкантамі дыскаў, а таксама новага матэрыялу. Так, хуткая і загадкавая, падобная да шаманскай казкі, мелодыя "Гарадскія пастухі" (аўт.Віталь Золатаў) змянялася летуценнай "Легендай" Цімафея Бірукова. "Кіпучая" прыстойная імправізацыя п’есы "Цягамоціна" атмасфернай і крыху трагічнай "Ла вэрітэ", тэмпераментная "Get in!!" павольнай і палкай "Начны цягнік ".
"Як і ў жыцці, — кажуць музыканты. — Часам ты адчуваеш сябе
аптымістычным і бадзёрым, а часам табе трэба адпачыць, расслабіцца, падумаць
пра што-небудзь прыемнае і атрымаць станоўчыя эмоцыі".
Лёгкасць, празрыстасць, свежасць і пластычнасць музычнага тэксту шчодра ўзнагароджваліся радасцю ўспрымання музыкі "First SkyFloor" гледачамі. Няспешнае, рытмічнае развіццё мелодый дазваляла музыцы быць ледзь адчувальнай.
"First SkyFloor" — яшчэ адзін доказ таго, што
джаз — гэта не салонная, пампезная музыка, хоць гэтае меркаванне
зараз вельмі распаўсюджанае ў пэўных колах. Серыя канцэртаў, якую правялі ў Мінску музыканты "First SkyFloor" сумесна с Канстанцінам Гарачым, знішчыла дыстанцыю паміж гледачамі і
музыкантамі: імпрэзы праходзілі без пафасу, але ўзамен яны сталі больш блізкімі, і
ад гэтага больш шчырымі, сапраўднымі і арганічнымі.
Самі музыканты засталіся задаволеныя мінскімі канцэртамі і
ўпэўнены — гэтыя "кёльнска-мінскія сустрэчы" у нашай сталіцы далёка не апошнія. Бо ў наведвальнікаў мінскіх джазавых імпрэзаў добры густ, а сярод таго, што мы пачулі ў музыцы "First SkyFloor", безумоўна, кожны змог зразумець і знайсці нешта для сябе.