Фота: Пад Кобрынам разбіўся прыватны верталёт

Каля 16.46 ратавальнікі атрымалі паведамленне пра авіяздарэнне. Верталёт Robinson быў вымушаны прызямліцца паблізу вёскі Багач Кобрынскага раёна. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі:

Навіцкі: “Паводле папярэдняй інфармацыі, на борце знаходзіліся чатыры чалавекі, пацярпелых няма. У цяперашні час на месцы пасадкі знаходзяцца ратавальнікі для прадухілення магчымага узгарання паліва”.

Прычыны пазаштатнай сітуацыі пакуль не вядомыя.

Відавочца напісаў пра здарэнне на форуме сайта onliner.by: “Гэта здарылася побач з трасай М1, каля Кобрына, у раёне павароту на Маларыту. Верталёт жоўтага колеру. Ляжыць на баку. Побач некалькі пажарных машын… Месца здарэння адразу ж ачапілі. Многія кіроўцы спыніліся, каб паглядзець, што адбылося. Адкрытага агню я не бачыў, а “хуткая” ўжо з'ехала. Што стала з пілотам, не ведаю. Той бок, дзе знаходзіцца кабіна, "пайшоў у зямлю”.

Robinson — лёгкі шматмэтавы чатырохмясцовы камерцыйны верталёт вытворчасці кампаніі “Robinson Helicopter”, ЗША. Быў распрацаваны ў 1980-я гады. Здзейсніў першы палёт 31 сакавіка 1990 г. і ў снежні 1992 года прайшоў сертыфікацыю. Выкарыстоўваецца пераважна ў камерцыйных мэтах.

Фота — onliner.by і mchs.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі