Французскія акцёры выступілі ў Гродне для дзяцей з хоспіса (відэа)
А творы саміх дзяцей можна было набыць на выставе-продажы.
Валанцёры міжнароднага аб'яднання “Тэатра” з Францыі прывезлі новы спектакль пра чароўны амулет. Яны паказалі яго ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі 31 студзеня. Паглядзець спектакль прыйшлі каля 30 дзяцей з інваліднасцю, а таксама іх родныя і блізкія.
Казка распавядае пра злосную каралеву і яе брата-пацука, якім вельмі патрэбны амулет, каб здзяйсняць дрэнныя справы. Аднак яго знайшлі дзве бабулі-сястры, якія вельмі марылі пра ўнучку і ўрэшце яе знайшлі.
Як распавяла дырэктар Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Шульга, спектаклі французскіх валанцёраў выклікаюць цікавасць і ў дарослай публікі.
Замежныя акторы працуюць у адным з тэатраў Мінска па абмене і са сваей творчасцю вандруюць на дабрачынных пачатках па розных гарадах Беларусі.
Акрамя спектакля Гродзенскі дзіцячы хоспіс арганізаваў дабрачынную выставу-продаж сувеніраў і вырабаў, якія сваімі рукамі зрабілі дзеці, іх бацькі і валанцёры.