Французскія футбалісты пагражаюць забастоўкай

Выданне The Local паведамляе, што Італія горш за ўсіх у Еўропе збірае падаткі. У той час як іншыя краіны за апошні час павялічылі паступленні за кошт падаткаў, у Італіі за першыя 8 месяцаў года гэтыя паступленні скараціліся на 0,3% у параўнанні з леташнім паказчыкам.

The Local: “Спад у Італіі знаходзіцца ў рэзкім кантрасце з іншымі еўрапейскімі краінамі. Францыя ўражліва назбірала на 8,4% больш падаткаў, а Партугалія на 6,3% больш”.

Нядаўна нежаданне італьянцаў плаціць падаткі заўважыла і Еўракамісія, адзначыўшы, што ў Італіі часцей за ўсё пазбягаюць выплаты падатку на дадатковую вартасць (ПДВ). Гэта абыходзіцца краіне больш чым у 36 мільярдаў еўра ў год.

Калі ж вяртацца да Францыі, то тут, на самой справе, збор падаткаў адбываецца не так ужо і “мірна”. У пачатку года ўсе абмяркоўвалі ўчынак вядомага акцёра Жэрара Дэпардзьё, які атрымаў грамадзянства Расіі, каб не плаціць падатак у 75%. Цяпер жа, усё з той жа прычыны, пачынаюць забастоўку футбалісты французскіх клубаў. Гульцы могуць не з’явіцца на полі ўжо падчас матчаў 26 і 27 кастрычніка.

“Усё магчыма, напружанасць вельмі вялікая”, — кажа прэзідэнт ФК “Сэнт-Эцьен” Бернар Каяца.

Нагадаем, падатак у 75% мусяць плаціць кампаніі за сваіх супрацоўнікаў, якія маюць гадавы даход большы, чым мільён еўра. Раней хадзілі размовы, што для футбольных клубаў могуць зрабіць выключэнне ў законе. У той час як міністр спорту Валеры Фурнэйрон кажа, што ніякіх паблажак не будзе.

Аб тым, што еўрапейскія краіны закручваюць гайкі падчас крызісу, можа сведчыць і іх ціск на вядомыя сваёй ліберальнасцю швейцарскія банкі. Раней банкі альпійскай краіны былі вельмі папулярныя сярод тых, хто пазбягае выплаты падаткаў. Але надыходзяць сур’ёзныя перамены.

The Local: “Швейцарыя, якая лічыцца падатковым раем і даўно крытыкуецца за яе ўтойлівую культуру банкаўскай справы, падпісала пагадненне аб абмене інфармацыяй паміж больш чым 60 краінамі, накіраванае на выяўленне неплацельшчыкаў падаткаў”.

Кажучы іншымі словамі, Швейцарыя пагадзілася перадаваць звесткі аб кліентах банкаў замежным следчым. Пагадненне яшчэ мусіць быць ратыфікаванае ў парламенце. Цікава, ці будуць пасля гэтага швейцарскія банкі такімі папулярнымі, як цяпер?

Фота: fifa.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі