Францыя не хоча пускаць Румынію і Балгарыю ў Шэнген

25 верасня міністр унутраных спраў Францыі заявіў аб неабходнасці “выправадзіць цыган за мяжу”. Нягледзячы на рэзкую крытыку такога выказвання, міністр не бачыць прычыны прасіць прабачэння, піша BBC:

“Заява Мануэля Вальса падверглася крытыцы з боку Савета па правах чалавека ААН, Еўракамісіі, а таксама арганізацый, якія абараняюць правы цыган. Некаторыя з іх збіраюцца звярнуцца ў суд, вінавацячы Вальса ў распальванні расавай нянавісці”.

Антыцыганскія выказванні Мануэля Вальса падтрымаў яго калега — міністр замежных спраў Фабіюс Ларан. Ён кажа, што Францыя выступае супраць далучэння да шэнгенскай зоны Румыніі і Балгарыі. Міністр лічыць, што гэта дапаможа пазбегнуць дадатковага наплыву цыган з краін, “якія не маюць сродкаў, каб кантраляваць свае межы”.

Тым часам выданне Globalpost адзначае, што гэтым летам цыганам было не соладка па ўсёй Еўропе. Напрыклад, у славацкім Кошыцэ, які з’яўляецца сёлетняй культурнай сталіцай Еўропы, узвялі 6-метровую сцяну, якая аддзяляе мясцовых жыхароў ад цыган. А ў Швецыі нядаўна разгарэўся скандал, калі паліцыя завяла базу дадзеных на цыган (у Швецыі збор звестак па этнічнай прыкмеце з'яўляецца незаконным).

Бернард Рорк, які даследуе праблемы цыган, кажа, што на цыган усё часцей скідваюць віну за іншыя сацыяльныя беды:

“Гэта не проста цвёрдая нянавісць з боку крайне правых. Большая частка гэтай грэблівай рыторыкі прасочваецца ў палітычны мэйнстрым, які выкарыстоўвае яе ў палітычных мэтах. Гэта вельмі трывожная тэндэнцыя”.

Можа, міністр Мануэль Вальс, які прапануе дэпартаваць цыган, мае рацыю, калі заяўляе, што цыганскі стыль жыцця супярэчыць французскім каштоўнасцям. Але камісар ЕС па юстыцыі, фундаментальных правах і грамадзянстве Вівіян Рэдынг заўважае, што Парыж узгадаў пра цыган не выпадкова.

“Кожны раз, калі заходзіць гаворка пры дзіры ў бюджэце, узгадваюць пра цыган. Тым больш, на носе выбары”.

У суседняй Германіі цыгане таксама падвяргаюцца дыскрымінацыі, як адзначае Der Spiegel. Але тут, у адрозненне ад Францыі, іншае стаўленне да цыган маюць улады: ім хочуць дапамагчы. У Берліне хутка запускаюць амбітны праект, які адкрые для цыган-замежнікаў доступ да адукацыі, аховы здароўя і рынка працы. У яго межах цяжарныя жанчыны атрымаюць грошы на роды. Толькі ці будзе ў стане нямецкая сталіца прафінансаваць такую, здавалася б добрую, праграму, задаецца пытаннем Der Spiegel.

Фота: Савет Еўропы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі