Францыя выпісала ордар яшчэ і на брата Дурава — Politico

Мікалай Дураў

Мікалай Дураў / vy-mag.com

Французскія ўлады выпісалі ордар на арышт не толькі Паўла Дурава, але і яго брата Мікалая — сузаснавальніка Telegram. Прычым зроблена гэта было яшчэ ў сакавіку. Пра гэта піша выданне Politico, спасылаючыся на афіцыйны дакумент, які апынуўся ў распараджэнні рэдакцыі.

Паўла Дурава затрымалі ў Францыі 24 жніўня. Паведамлялася, што ордар на затрыманне быў падпісаны літаральна перад пасадкай яго прыватнага джэта на аэрадроме.

Аднак з дакумента, на які спасылаецца Politico, вынікае, што расследаванне дзейнасці Telegram пачалося значна раней. Справа звязаная з адмовай кампаніі супрацоўнічаць з французскай паліцыяй у рамках расследавання фактаў сэксуалізаванага гвалту ў дачыненні да дзяцей.

26 жніўня пракуратура Парыжа апублікавала афіцыйнае паведамленне. З яго вынікае, што справа супраць неназваных асоб была пачатая 8 ліпеня. У рэлізе гаварылася пра 12 складаў злачынства, расследаваннем якіх займаліся французскія следчыя. У іх пералік увайшлі адміністраванне платформы, якая выкарыстоўваецца для незаконнай дзейнасці; адмова ад перадачы праваахоўным органам інфармацыі ў рамках запыту; захоўванне і распаўсюд дзіцячай парнаграфіі; наркагандаль.

Роля Паўла Дурава была апісана як "саўдзел", "дапамога" і "змова". Працэсуальны статус заснавальніка Telegram не быў канкрэтызаваны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі