Фрыстайлістку, спартоўку года Раманоўскую звольнілі са зборнай
Чэмпіёнку свету па фрыстайле, прызнаную спартоўкай 2019 года ў Беларусі, Аляксандру Раманоўскую звольнілі са зборнай за прагулы.
"Сёння на сходзе нам паведамілі, што Саша Раманоўская звольненая за прагулы з нацыянальнай каманды. Яе паставілі ў вядомасць ўчора ўвечары", — распавёў у каментары TUT.by галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Мікалай Казека.
Зборная падпарадкоўваецца Міністэрству спорту. Але яно перадало гэтыя паўнамоцтвы па кіраўніцтве ў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі (РЦАП). Загад пра звальненне падпісаў новы дырэктар РЦАП.
Па словах Казекі, цяпер Раманоўская праходзіць рэабілітацыю пасля траўмы.
"Афіцыйна Аляксандру Раманоўскую звольнілі за прагулы. Але насамрэч у Сашы была форс-мажорная сітуацыя — яе бацька перанёс інсульт, не было каму вазіць яго ў бальніцу. Гэтым займалася Аляксандра. Яна тэлефанавала, тлумачыла, але ніхто ў РЦАП не звярнуў на гэта ўвагі", — тлумачыць сітуацыю Казека.
Па словах трэнера, загад набудзе моц 16 кастрычніка. Сам Казека называе такое рашэнне ангажаваным і заяўляе, што яго будуць аспрэчваць.
Раней Аляксандра Раманоўская асудзіла гвалт з боку беларускай улады супраць удзельнікаў мірных пратэстаў.
Дарэчы, Міжнародны алміпійскі камітэт заявіў, што будзе рэагаваць, калі з беларускіх зборных пачнуць выключаць спартоўцаў за іх палітычныя перакананні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.