Фядута: Можа, не чыноўнікі вінаватыя, а той, хто ім невыканальныя даручэнні дае?

Фядута: Можа, не чыноўнікі вінаватыя, а той, хто ім невыканальныя даручэнні дае?

Свае пасады страцілі два міністры і адзін старшыня райвыканкама ― такі вынік паездкі кіраўніка Беларусі ў Оршу. Ці ўтрымаецца ў сваім крэсле прэм’ер-міністр, чаму чыноўнікі “пафігічна” ставяцца да выканання даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі і ці зменіцца нешта ў Оршы пасля яго ад’езду з гэтага горада, разважае палітолаг Аляксандр Фядута.

Еўрарадыё: Ці магчыма, каб пры існуючай сістэме кіравання чыноўнікі асмеліліся “пафігічна” ставіцца да даручэнняў кіраўніка краіны?

Аляксандр Фядута: Усе чыноўнікі ў краіне прызначаюцца альбо прэзідэнтам, альбо са згоды прэзідэнта. 22 гады з 24 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі фактычна адсутнічае раздзяленне на галіны ўлады. Гэта азначае, што усё, пачынаючы ад парламента і судоў, і да выканкамаў залежыць ад чалавека. І калі ў гэтым выпадку людзі, якіх прызначае прэзідэнт, ці дае згоду на іх прызначэнне, пафігістычна ставяцца да яго даручэнняў, то гэта значыць, што не з людзьмі нешта, а з тым, хто дае ім гэтыя даручэнні. Бо, хутчэй за ўсё, гэта азначае, што яны не могуць іх выканаць. Нават пад пагрозай зняцця з працы, накіравання на працу ў Оршу і нават пасадкі ў турму.

Еўрарадыё: Два міністры страцілі свае пасады, ці варта чакаць, што тое ж чакае прэм’ера Кабякова?

Аляксандр Фядута: У краінах, дзе ўрад дае справаздачу за сваю дзейнасць толькі кіраўніку краіны, кіраўнікі сапраўды могуць у любы момант адправіць урад у адстаўку. Але я не ведаю, дзе ён знойдзе іншых, бо новыя будуць такімі ж. Прыкладна раз на два гады паўтараецца істэрыка з нагоды таго, што ўрад нічога не робіць, а людзі ва ўрадзе застаюцца адны і тыя ж. Нават калі іх здымаюць са скандаламі, то потым прызначаюць на тыя ж месцы, а некаторых нават павышаюць.

Еўрарадыё: У нас такая кароткая “лава запасных” чыноўнікаў?

Аляксандр Фядута: У 1994 годзе, калі Лукашэнка ішоў да ўлады, ён казаў, што прэм’ера знайсці прасцей, чым даярку ў саўгас. Цяпер, магчыма, ён ужо разумее, што прэм’ера знайсці цяжка. Але “лава запасных” на самой справе вялікая: на ёй сядзяць кіраўнікі раённых і гарадскіх выканкамаў, намеснікі губернатараў і самі губернатары. І ўсе чакаюць, што іх альбо адправяць у турму, альбо ― што перасунуць па гэтай лаве наперад. Але ж пытанне не ў тым, сядзіць Кабякоў у турме ці ў кабінеце кіраўніка ўрада. Сёння ён сядзіць там, а заўтра там, і ад гэтага нічога для краіны не мяняецца.

Еўрарадыё: Гэты разнос можна лічыць такой своеасаблівай падрыхтоўкай Лукашэнкі да будучых прэзідэнцкіх выбараў?

Аляксандр Фядута: Не ведаю. Але ж да той выбарчай кампаніі яшчэ невядома колькі часу.

Еўрарадыё: Які вынік будзе ў гэтага “аршанскага разносу”?

Аляксандр Фядута: Некалі адзін з нашых блогераў адсачыў, што адбываецца пасля таго, як прэзідэнт з’язджае з горада, які ён наведваў. Атрымалася вельмі смешная карціна: ён з’язджае, і ўсё застаецца гэтак жа, як і было. І гэта не залежыць ад таго, наколькі “пафігістычна” ставяцца да яго даручэнняў чыноўнікі. Проста даручэнні даюцца такія, якія чыноўнікі ў сённяшніх умовах не могуць выканаць. Альбо ў іх няма грошай, альбо прадпрыемствы, якія ім даручаюць аптымізаваць, каб яны лепш працавалі, увогуле нікому не патрэбныя, і яны не могуць працаваць лепш. Альбо, пасля таго, як чыноўнікі ўмешваюцца ў працу адносна добра працуючых прадпрыемстваў, гэтыя прадпрыемствы пачынаюць працаваць горш. І вось гэта цалкам магчыма і ў гэтым выпадку.

Еўрарадыё: Ці можа ўсё ўбачанае кіраўніком краіны ў Оршы падвесці яго да разумення неабходнасці рэформ?

Аляксандр Фядута: Ведаеце, я час ад часу вымушаны глядзець скрыншоты з сюжэтаў Беларускага тэлебачання. Я гляджу на тыя твары, якія слухаюць тое, што кажа Аляксандр Рыгоравіч, і разумею: якія рэформы, вы што? Прасцей рэфармаваць БЕЛТА, чым правесці эканамічныя рэформы з гэтымі людзьмі і пад гэтым кіраўніцтвам.

Еўрарадыё: Ці магло быць убачанае намі ў Оршы рэакцыяй Лукашэнкі на чуткі пра яго інсульт? Маўляў, які інсульт, я бадзёры і працаздольны як ніколі?

Аляксандр Фядута: У яго не было інсульту. А каб абвергнуць чуткі, паказалі б, што ён бульбу капае, і ў гэты момант падыходзіць да яго Качанава са свежым нумарам, ён яго глядзіць і чытае кавалак тэксту з газеты. І гэтага было б дастаткова.

Піяр-акцыя ці працоўны момант ― якія прычыны разносу ў Оршы?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі