Галоўрэда "Брэсцкай газеты" выклікаюць у пракуратуру праз ролік супраць гвалту

У "Брэсцкую газету" прыйшла міліцыя / b-g.by​
У "Брэсцкую газету" прыйшла міліцыя / b-g.by​

Запрашэнне ў пракуратуру для галоўнага рэдактара "Брэсцкай газеты" Віктара Марчука ў рэдакцыю выдання прынеслі супрацоўнікі міліцыі. У дакуменце гаварылася, што Марчука чакаюць да 17.00 для тлумачэнняў з нагоды відэазвароту жыхароў Брэста, занепакоеных эскалацыяй гвалту ў краіне. Ён быў адным з удзельнікаў гэтага відэазвароту.

"Запрашэнне" Марчуку не пакінулі, нават не дазволілі яго сфатаграфаваць, гаворыцца ў рэдакцыйным паведамленні "Брэсцкай газеты".

Галоўны рэдактар выдання звярнуў увагу, што ён не першы і не апошні, каго выклікаюць з нагоды гэтага відэазвароту.

"Нічога там супрацьзаконнага няма, інакш бы я ў ім не здымаўся. Але цяпер улада працуе ў рэжыме зачысткі ўсіх і ўсяго, каму не падабаюцца іх дзеянні і хто публічна пра гэта заяўляе", — сказаў Марчук.

Паводле яго слоў, ён прыняў рашэнне паўдзельнічаць у запісе гэтага роліка, таму што гэты крок быў натуральнай рэакцыяй нармальных людзей на тое, што адбываецца.

У рэдакцыі "Брэсцкай газеты" восенню ўзніклі сур'ёзныя цяжкасці. Мясцовая друкарня адмовілася друкаваць выданне ў наступным годзе. Праз гэта Марчук быў вымушаны звярнуцца да чытачоў з просьбай адмовіцца ад падпіскі на наступны год. "Ва ўмовах, у якія сёння спрабуюць паставіць нашае выданне, мы не ўпэўненыя, што зможам выканаць свае абавязанні перад вамі",патлумачыў ён тады сваю просьбу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі