"Гаротніца" стала дыскатэчным рок-гуртом
Каманда плануе змены ў канцэпцыі і рэпертуары.
На выходных Еўрарадыё выправілася ў Графіці на канцэрт “Гаротніцы” – дэструктыўна-пажарнага аркестра з жаночым вакалам, у выніку чаго кінулася ў танцы, зразумела, што людзі ўсё яшчэ ўмеюць весяліцца і прынесла адтуль колькі навінаў і назіранняў.
Па-першае, “Гаротніца”, якая даўно не выступала, паўстала перад гледачом у абноўленым складзе. Фронтвумэн Валерыя Валадзько прызналася, што гурт перажыў крызіс.
Валерыя Валадзько: “У нас быў крызіс паміж намі. Усё змянілася, бо было нешта незразумелае. А зараз нібыта зноўку ўсё кіпіць, мы ўсе васьмёра кіпім. Самае галоўнае, каб кіпела!”
Новыя музыкі – гітарыст і бубнач, вядома, не маглі не ўнесці ў музыку гурта частку свайго светапогляду, таму, часам, “Гаротніца” ператваралася ў амаль ска-панк банду. Аднак, па словах ідэолага гурта Андруся Такінданга, змены павінны закрануць не толькі гучанне, але і змест песень.
Андрусь Такінданг: “Саўнд больш пацяжэў, з’явіліся гітарныя прымочкі, і таксама пошук нейкі працягваецца зноў. Мы не спыняемся. Магчыма, усё мяняецца ў бок таго, што канцэпцыя будзе крыху пераглядацца. Таму што раней гэта ўсё-такі быў больш акустычны праект, акадэмічна-дэструктыўны, цяпер гэта, напэўна, будзе больш рокавы праект, і, я так думаю, што будуць нейкія змены і ў рэпертуары таксама”.
Нават у больш цяжкім гучанні і пры вялікай колькасці “балканскай” дыскатэкі “Гаротніца” выклікае аддаленыя асацыяцыі з “Серебряной свадьбой”: магчыма, калі б “Серебряная свадьба” пачыналася ва ўзросце “Гаротніцы”, то бок узроставая мяжа ўдзельнікаў была каля 22-27 гадоў, яна б была больш неарганізаванай, пафігістычнай і легкадумнай, якой зараз падаецца “Гаротніца”. Валерыя Валадзько адпрэчвае любыя параўнанні.
Валерыя Валадзько: “Мы не хочам на некага раўняцца, мы такія самі па сабе. Мы нават не можам самі вызначыць, што мы граем. У нас у адной песні змешваюцца 10 розных стыляў: 2 квадраты панка, 4 квадраты “іспаніі”, потым балканшчына, потым ідзе рэгі-даб, а сканчваецца ўсё ой, ой, панкам”.
На думку спявачкі Веранікі Кругловай, якая нечакана для сябе выканала ў разам з “Гаротніцай” знакамітыя песні з рэпертуара “KRIWI” – “Страла” і “Мяцёлка”, каманда Такінданга-Валадзько даўно перарасла свае першапачатковыя ідэі.
Вераніка Круглова: “Поўная творчая свабода прафесійных музыкаў, якія хочуць падурэць і знайсці сябе. Ідэя добрая, канцэпцыя добрая, але я бачу, што яны з гэтай канцэпцыі даўно выраслі. Відавочна, што ім хочацца развівацца ў розныя бакі. Вельмі клёва”.
Існаванне “Гаротніцы” у абмежаванай мінскай клубнай прасторы, лічыць Вераніка Круглова, гэта вынік адсутнасці ў гурта мэнэджмэнта і грошай.
Вераніка Круглова: “Ды мы ўсе даўно загразлі, таму што грошай няма. Не можа мастацтва само сябе рухаць. Калі Валерыя стане ўласным мэнэджэрам, ад яе нічога не застанецца. Мастак павінен пісаць, музыкант павінен граць, а спявак павінен спяваць”.
Тым не менш, кажа Андрусь Такінданг, Валерыя ўзяла на сябе функцыі мэнэджара і спрабуе зрушыць справу з месца.
Андрусь Такінданг: “На самой справе, не так проста і ў Графіці нават канцэрт арганізаваць: падавалася б, невялікі клуб, але трэба сабрацца, знайсці час, дамовіцца з арганізатарамі. Для нас гэта праблема – нас восем чалавек і мы разгільдзяі. Дзякуй Богу, што ў нас ёсць вакалістка Валерыя, якая можа нас сабраць і трымаць у кулаку”.
Што мы маем у выніку? “Гаротніца” – канцэптуальны, неправінцыйны, развясёлы аркестр з выдатным вакалам, які спявае небанальныя і адвязныя песні на беларускай мове. Гурт выдзяляецца на агульным фоне беларускамоўнай музыкі не толькі рэпертуарам, але і прафесіяналізмам. Дарагія арганізатары фестываляў! Звярніце ўвагу на “Гаротніцу” і прыслухайцеся да мамы музыкі Кліменція Пятровіча.
Мама музыкі Кліменція Пятровіча: “Мне вельмі спадабалася. Вельмі добрыя музыкі, цудоўныя, прафесійныя. Хоць мы самі акадэмісты: я – вакалістка, мой муж – фагатыст, мы атрымалі каласальнае задавальненне. І спявачка выдатная, з цудоўнай харызмай. Гітарыст цудоўны, трубач, валтарніст. Музыкі – супер. Ім патрэбныя вялікія пляцоўкі. Твар у гурта ёсць. А гэта – самае галоўнае”.