Гарвыканкам не ўключыў “Дзень Волі” ў спіс агульнагарадскіх мерапрыемстваў
Святкаванне 102-х угодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі Мінскі гарвыканкам не ўключыў у план агульнагарадскіх мерапрыемстваў. Адпаведны адказ атрымалі прадстаўнікі БСДП (Грамада). Кіраўнік партыі Ігар Барысаў растлумачыў Еўрарадыё, што з-за неўключэння мерапрыемства ў гэты план арганізатарам прыйдзецца аплачваць паслугі міліцыі, мыдыкаў і камунальнікаў за ўласны кошт.
“Напрыклад, калі мы зараз будзем праводзіць на Оперным, то гэта нам выйдзе 375 базавых толькі за паслугі міліцыі. Улада зрабіла фактычна ўсё магчымае, каб не было паўтарэння БНР-100 ля Опернага, калі грамадства само кансалідавалася, прыйшло і паказала, што каштоўнасці БНР з’яўляюцца для іх альтэрнатывай каштоўнасцям цяперашняй улады”, — кажа Ігар Барысаў.
Акцыю плануецца правесці ў нядзелю, 22 сакавіка. Арганізатарамі выступаюць чатыры апазіцыйныя партыі — АГП, рух "За Свабоду", БСДП, БХД. Пры падачы заўкі яны абралі тры пляцоўкі: каля Опернага, плошча Свабоды ці прастора каля Дварца Спорта.
Па словах Ігара Барысава, 5 лютага арганізатары наведаюць гарвыканкам, пасля чаго, верагодна, стане вядома дакладнае месца правядзення мітынгу-канцэрту.
Сродкі на арганізацыю мерапрыемства збіраюцца праз краўдфандынг. На дадзены момант пералічана каля 1400 рублёў. Усяго арганізатары разлічваюць атрымаць 25 тысяч рублёў — для “правядзення годнага святкавання”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.