Гаспадару аграсядзібы міліцыя пагражае праблемамі за канцэрт Вайцюшкевіча

Гаспадару аграсядзібы міліцыя пагражае праблемамі за канцэрт Вайцюшкевіча

Адразу чатыры маёры міліцыі з Лідскага РУУС прыехалі да гаспадара аграсядзібы "Гасьціна", дзе 27 траўня мусяць адбыцца творчая сустрэча і канцэрт Змітра Вайцюшкевіча.

Пра гэты візіт паведаміў у Фэйсбуку адзін з арганізатараў канцэрту — Валер Мінец. Па яго словах, міліцыянты пагражалі гаспадару аграсядзібы праблемамі з падатковай інспекцыяй, патрабавалі даць дазвол на правядзенне імпрэзы.

У каментары Радыё "Свабода" іншы арганізатар канцэрту Вітольд Ашурак патлумачыў, што гасцей на вечарыну запрашалі праз Фэйсбук і некаторыя газеты. "Вечарына будзе з вольным уваходам, адбывацца будзе на прыватнай тэрыторыі. Разам з тым міліцыянты настойліва параілі не праводзіць сустрэчу і канцэрт. Пагражалі падатковай інспекцыяй. Падстава — несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, чым, на думку міліцыі, з'яўляецца гэтая імпрэза", — распавёў Ашурак. 

Сам Вайцюшкевіч таксама заяўляе, што яго канцэрт адбудзецца пры любых умовах. Музыка сам з'яўляецца ўласнікам аграсядзібы. "Ведаю, што калі колькасьць гасьцей не перавышае 100 чалавек, то на гэтае мерапрыемства не трэба ніякіх дазволаў. Таму я думаю, што міліцыянты проста падстрахоўваюцца", — выказаў меркаванне спявак. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі