“Гавары праўду” падала ў Мінюст дакументы на рэгістрацыю
Грамадзянская кампанія “Гавары праўду” 16 лістапада падала пакет дакументаў для сваёй рэгістрацыі ў якасці рэспубліканскага даследча-асветніцкага аб’яднання. Пра гэта БелаПАН паведамляе са спасылкай на прэс-службу арганізацыі.
Гэта чацвёртая спроба “Гавары праўду” афіцыйна зарэгістравацца. Раней такія спробы рабіліся ў 2010, 2011 і 2013 гадах і былі няўдалымі. У арганізацыі мяркуюць, што ранейшыя адмовы былі юрыдычна неабгрунтаванымі і палітычна матываванымі.
Разгляд дакументаў праходзіць цягам месяца — за гэты тэрмін Міністэрства юстыцыі павінна прыняць рашэнне аб рэгістрацыі аб’яднання ці аб адмове ў рэгістрацыі.
7 лістапада ў Мінску прайшоў устаноўчы сход “Гавары праўду”, на якім вырашылі ўвесці інстытут двайнога лідарства ў арганізацыі. Прадстаўнічую пасаду старшыні заняла Таццяна Караткевіч, былая кандыдатка ў прэзідэнты на сёлетніх выбарах. Андрэй Дзмітрыеў стаў старшынёй рэспубліканскага савета аб’яднання — на гэтай пасадзе ён будзе займацца арганізацыйна-юрыдычнымі пытаннямі.
Асноўныя задачы аб’яднання — прапаганда дасягненняў Беларусі ў сацыяльнай і эканамічнай сферы, аналіз грамадскіх сацыяльных і эканамічных праблем краіны і пошук шляхоў іх вырашэння. Таксама сярод задачаў — спрыянне станаўленню ў грамадстве прынцыпаў прававой дзяржавы, патрыятызму, сацыяльнай справядлівасці, законнасці і роўнасці.
Фота з архіву