"Газпром" можа знізіць кошт на газ для Беларусі, але толькі праз паўгода

На днях усю беларускую частку інтэрнэту скаланула інфармацыя пра павышэнне коштаў на газ для Беларусі да 250 долараў. Спасылаліся на прэс-рэліз ААТ “Газпром”.
Але ў сувязі з эканамічным крызісам адбылося падзенне коштаў на нафту. Кіраўніцтва “Газпрому” заўсёды казала, што кошт на газ звязаны з коштам на нафту. З пытаннем “Чаго ж чакаць — павышэння ці паніжэння коштаў на газ для Беларусі?” мы звярнуліся да прэс-сакратара старшыні праўлення ААТ "Газпром" Сяргея Купрыянава. “Зніжэнне чакаецца, але пазней. З улікам таго, што ў нас ёсць часовы лаг пры фармаванні кошту на газ у межах 6-9 месяцаў,” — кажа Купрыянаў.

У прэс-рэлізе нічога не напісана пра нейкія канкрэтныя кошты на газ для Беларусі, распавёў у інтэрв’ю Еўрарадыё Сяргея Купрыянаў:

“Але там не указана ні тэрмінаў, нічога. У нас і на ўнутраным рынку кошт будзе даводзіцца да ўзроўню, адпаведнага еўрапейскаму. Гэты працэс – агульны для ўсіх краінаў былога СССР: і Беларусі, і Украіны, і самой Расіі. У гэтым рэлізе ні слова не сказана аб тым, які кошт будзе ў наступным годзе. Наконт наступнага года я магу сказаць, што на дадзены момант ў нас ёсць кантракт з формулай кошту, які дастаткова дакладна апісвае, як разлічваецца кошт на кожны перыяд.”

Пра дакладныя кошты на газ будзе паведамлена напрыканцы гэтага году, дадаў Сяргей Купрыянаў.

Справа ў тым, што формула, па якой вылічваецца кошт на газ, пабудавана такім чынам, што яна прывязваецца да коштаў на нафту са спазненнем на паўгода, патлумачыў вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:

“Формула кошта на газ звязаная з коштам на нафту такім чынам, што прывязваецца да кошту на нафту, але з паўгадавым спазненнем. Такім чынам у нас можа быць такая сітуацыя, што кошт на газ будзе высокім яшчэ ад таго высокага кошта на нафту, які быў некалькі месяцаў таму. І ў першым квартале, а з другога квартала могуць перагледзіць, як гэта было год таму. І кошт можа быць зніжаны.”

Таму пакуль дакладна прагназаваць, якім будзе кошт на газ для Беларусі, вельмі складана.

“Ведаеце, сітуацыя такая, што ніхто з сур’ёзных аналітыкаў не бярэцца прагназаваць, што будзе праз паўгода,” – распавёў Еўрарадыё эканаміст Леанід Злотнікаў.

Фота pgorod.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі