Генконсульства Беларусі ў Беластоку часова не прымае дакументы на візы
Беларускае Генконсульства ў Беластоку спыніла прыём дакументаў на візы. Фотаздымкі з адпаведнай абвесткай з'явіліся ў тэлеграм-каналах.
Прычынай стаў дыпламатычны скандал, у выніку якога Беларусь і Польшча выслалі па некалькі консулаў.
У Польшчы Беларусь мае тры дыпламатычныя прадстаўніцтвы — амбасаду ў Варшаве і консульствы ў Беластоку і Бяла-Падлясцы.
У МЗС Беларусі журналістам TUT.by пацвердзілі, што праца консульства ў Беластоку часова прыпыненая.
"У цяперашні час з прычыны ўзніклых абставінаў на некалькі дзён прыпынены прыём дакументаў у Генеральным консульстве Беларусі ў Беластоку. Беларускі бок прыкладае ўсе намаганні па больш хуткім аднаўленні нармальнай працаздольнасці консульскай установы па абароне законных правоў і інтарэсаў беларускіх грамадзян. Разлічваем, што ў бліжэйшыя дні функцыянаванне будзе адноўлена ў неабходным аб'ёме", — заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Амбасада ў Варшаве і консульства ў Бяла-Падлясцы працуюць у штатным рэжыме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.