Генсек АДКБ: Нас непакояць спробы НАТО ўвязацца ў падзеі ва Украіне
Асобна абвінавачваюць ЗША.
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся сёння з генеральным сакратаром Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы Мікалаем Бардзюжай. У часе гэтай сустрэчы генсек АДКБ выклаў сваё бачанне сітуацыі ў свеце і ў краінах Арганізацыі. На думку Бардзюжы, абстаноўка цяпер надзвычай неспакойная.
“Самае галоўнае, што нас непакоіць, гэта спробы НАТО ўвязацца ў тыя падзеі, якія адбываюцца ва Украіне: гэта накіраванне інструктараў, гэта ўдзел у інфармацыйна-псіхалагічных аперацыях, гэта нарошчванне тут цяжкога ўзбраення, у тым ліку перакідка кантынгенту Злучаных Штатаў Амерыкі”, — заявіў Мікалай Бардзюжа.
Генсек АДКБ таксама заявіў пра стварэнне пунктаў кіравання войскамі ў шасці краінах. Паводле яго слоў, гэта стварэнне інфраструктуры для вядзення баявых дзеянняў.
Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў некаторыя прапановы генсека АДКБ у галіне ваеннага супрацоўніцтва.