Германія выдала Беларусі індывідуальнага прадпрымальніка з Гродна
Германія выдала Беларусі індывідуальнага прадпрымальніка з Гродна. Яго падазраюць у махлярстве ў асабліва буйным памеры, у выніку якога некалькі прадпрыемстваў страцілі больш за мільён долараў, інфармуе прэс-служба Генпракуратуры нашай краіны.
Вядома, што ІП займаўся ў Беларусі мясам і тытунем. Ён заключаў з прадпрыемствамі дамовы на пастаўкі мяса птушкі ці тытунёвых вырабаў, але свае абавязкі выконваць не збіраўся (толькі часткова іх выконваў, каб падтрымаць бачнасць "дзейнасці"). У некаторых выпадках падчас заключэння дамоваў прадпрымальнік выкарыстоўваў фальшывыя дакументы. У 2014-м ён з'ехаў за мяжу і быў аб'яўлены ў міжнародны вышук. Зімой 2019 года беларуса знайшлі і затрымалі ў Германіі.
Крымінальную справу індывідуальнага прадпрымальніка, распачатую па фактах ухілення ад выплаты падаткаў і прычыненні маёмасных стратаў, ужо накіравалі ў суд.