Герой года, які ўратаваў дзіця: Больш увагі ад дзяўчат пасля гэтага не стала
Віталь Цітоў 28 кастрычніка дастаў дзіця з халоднай вады сталічнай Свіслачы. Ён ішоў з сяброўкай з крамы, калі пачуў крыкі дзяўчыны аб дапамозе. Ішоў дробны дождж, было холадна. Ён распрануўся і прыгнуў у ваду, уратаваў 9-ці гадовага Антона Драздова. Хлопчык выжыў, некаторы час праляжаў у лякарні, з ім усё ў парадку.
А Віталь Цітоў перамог у галасаванні “герой года” па версіі чытачоў БелаПАН і на падобным галасаванні партала Tut.by. Ён вучыцца ў прафесійным ліцэі на зваршчыка.
Праз паўгода пасля ўчынку размаўляем з героем. Віталь адказвае на ўсе пытанні сціпла.
Еўрарадыё: Заўважылі, каб да вас людзі па іншаму сталі ставіцца, можа, пазнаюць?
Віталь Цітоў: Усё гэтак жа, не пазнаюць на вуліцах.
Еўрарадыё: Чым вольны час займаеце?
Віталь Цітоў: Гляджу кіно, гуляў, на камп’ютары гуляю. У Contre-Strike, у танкі зрэдку гуляю. Пару дзён, а пасля на пару месяцаў забываю. Але гэта няшмат часу, можа, гадзіну, бо позна прыходжу з вучобы і стамляюся.
Еўрарадыё: А любімыя месцы ў Мінску ёсць?
Віталь Цітоў: Паркі па дарозе на Дразды, таксама парк каля Камсамольскага возера люблю. А вось у тым месцы, дзе адбылося здарэнне, я бываю рэдка, на ровары праязджаю, здараецца. Тады мы з сяброўкай ішлі з дома ў гандлёвы цэнтр “Галерэя”.
Еўрарадыё: Можа, пасля гэтага выпадку з уратаваным хлопчыкам сталі дзяўчаты тэлефон абрываць?
Віталь Цітоў: Ды не. Дзяўчыны ў мяне няма. Паўгода прайшло пасля таго выпадку, яшчэ ніводная праз гэта не цікавілася.
Еўрарадыё: А сяброў шмат?
Віталь Цітоў: Ды не асабліва, пару сяброў засталося сярод былых аднакласнікаў, з ліцэя таксама пару сяброў.
Еўрарадыё: А не думалі паступаць ва ўніверсітэт пасля ліцэя?
Віталь Цітоў: Я доўга раздумваў над гэтым, але вырашыў — не. Пайду пасля працаваць.
У ТОП-5 асобаў, паводле галасавання на БелаПАН увайшлі:
Віталь Цітоў.
Зміцер Дашкевіч, адзін з лідараў апазіцыі.
Уладзімір Макей, міністр замежных спраў.
Віктар Пракапеня, IT-прадпрымальнік.
Аляксандр Лукашэнка.
У галасаванні на партале tyt.by, апроч Віталя Цітова, былі:
Уладзімір Макей, міністр замежных спраў.
Аляксандра Чычыкава, якая перамагла ў конкурсе прыгажосці на інвалідным вазку.
Яўген Бацян, ратавальнік, які выхапіў жанчыну з вакна кватэры, якая гарэла.
Святлана Коржыч, маці загінулага на службе жаўнера, якая данесла праблемы беларускага войска да грамадскасці. Ды іншыя.