Гэта гульня: эксперты не вераць у "апалітычнасць" рамонту нафтаправода "Дружба"

Здаецца, у гэтай гульні няма канцоўкі.
Здаецца, у гэтай гульні няма канцоўкі.

З 14 па 17 студзеня беларускія нафтавікі рамантуюць трубаправод "Дружба". Працы закранулі 17-ы і 30-ы кіламетры магістральнага нафтаправода Мазыр — Брэст-3. У адной з секцый там выявілі "шматлікія дэфекты", паведамляе аператар беларускага ўчастка нафтаправода "Гомельтранснафта Дружба".

Летась спецыялісты абследавалі ўсе 1300 кіламетраў "Дружбы" ў нашай краіне. Рамонтныя работы плануецца праводзіць штомесяц згодна з іх рэкамендацыямі. Пры гэтым будзе адбывацца "частковае спыненне перапампоўкі нафты" з Расіі на Захад.

Сценка на сценку

У расійскай кампаніі "Транснефть" рамонт называюць планавым — беларускі бок папярэдзіў пра яго яшчэ ў снежні. "Частковае спыненне перапампоўкі нафты" пачалося на фоне спынення Расіяй паставак нафты на беларускія НПЗ, але на прадпрыемстве лічаць, што "шукаць палітыку" ў гэтым не варта. А вось спецыяліст па нафтагазавым рынку Міхаіл Круціхін у такія супадзенні не верыць.

Это игра: эксперты не верят в “аполитичность” ремонта нефтепровода “Дружба”

"Мне невядома, ці патрэбны там рамонт. Прафілактыка там сапраўды праводзіцца. Але не так часта, як там цяпер апісваецца. У заяве гаворыцца, што ледзь не кожны месяц усё гэта будзе праводзіцца. Ствараецца ўражанне, што гэта "сценка на сценку". Гэтыя палітычныя патрабаванні, якія высоўваюцца з боку Масквы, падмацоўваюцца ціскам па лініі паставак і транзіту нафты".

Ці зможа Беларусь пайсці на тое, каб пад маркай "рамонтных работ" цалкам спыніць транзіт расійскай нафты ў Еўропу? Расійскі эксперт сумняваецца, што беларускі бок адважыцца на такі крок.

"Пакуль што гэта гульня, гэта палітычны ціск адно на аднаго. Але адмовіцца [ад транзіту. — Еўрарадыё] было б вельмі цяжкім эканамічным крокам. І плата за транзіт, і ў прынцыпе пастаўкі расійскай нафты даюць Беларусі значныя даходы ў дзяржаўны бюджэт. Таму адмовіцца ад гэтага стала б эканамічнай бядой".

Да чаго прывядзе гэтая гульня і хто з яе выйдзе пераможцам, эксперт не бярэцца прагназаваць: "Палітычныя крокі прадказваць вельмі складана, таму што робяцца гэтыя крокі непрадказальнымі палітыкамі".

Давайце пагаворым

Рамонт нафтаправода "Дружба" — фармальная падстава для Расіі вярнуцца за стол перамоваў з Беларуссю, лічыць эканамічная аглядальніца Таццяна Манёнак.

Это игра: эксперты не верят в “аполитичность” ремонта нефтепровода “Дружба”

"Натуральна, што гэта [рамонт нафтаправода. — Еўрарадыё] можна разглядаць як элемент гандлю, імкненне збіць цану на расійскую нафту на гэты год, дамовіцца на прымальных умовах па тарыфах на транспартаванне нафты. Для Беларусі занадта вялікія страты ад падатковага манеўру і ад таго, што з гэтага года спыненая ператаможка нафты. Беларускія НПЗ аказаліся ў складаным становішчы і былі вымушаныя знізіць сваю нагрузку да тэхналагічнага мінімуму".

Чарговая бітва ў вайне з расійскімі нафтавымі кампаніямі наўрад ці стане для Беларусі пераможнай, лічыць эксперт з Беларусі. Не маючы сур'ёзных варыянтаў альтэрнатыўных паставак нафты, нашай краіне складана будзе настаяць на сваёй пазіцыі ў перамовах з Расіяй.

Ці варта чакаць "ответочки" на "рамонтныя" выбрыкі Беларусі з боку Расіі?

"Яна жорстка рэагуе ўжо цяпер, не жадаючы даваць дадатковыя прэферэнцыі беларускаму боку без саступак у саюзным будаўніцтве. Таму мы і бачым такую спрэчку, дастаткова жорсткую. Беларускі бок уразлівы, таму што ён татальна прывязаны да паставак расійскай сыравіны, таму яна аказалася ў такой складанай сітуацыі", — лічыць Таццяна Манёнак.

Пра тое, што "Дружбе" неабходны рамонт, яшчэ ў красавіку 2019 года загаварыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі заявіў, што беларускі бок гатовы на такі крок, "таму што тое дабро, якое мы робім для Расійскай Федэрацыі, яно нам абарочваецца пастаянна злом".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі