"Гэта можа быць лобі рэстараннага бізнесу": ільготам для аграсядзіб канец?

Аграсядзіба ў Мінскім раёне / ruralbelarus.by
Аграсядзіба ў Мінскім раёне / ruralbelarus.by

"Дзяржава не павінна быць донарам для бізнесу", — так нядаўна выказалася старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Людміла Ніжэвіч. У якасці прыкладу яна прывяла "не зусім сумленных грамадзян", якія нібыта плацяць мінімальны падатак як гаспадары аграсядзіб, а самі пры гэтым займаюцца гатэльным бізнесам. Маўляў, пара б іх прыструніць.

Толькі вось як адрозніць аграсядзібу з дзесяццю пакоямі ад невялікага гатэля? Ці могуць у такім выпадку забраць ільготы ў тых, хто сумленна прымае і забаўляе турыстаў — проста таму, што тыя трапілі пад нейкія крытэрыі? І наогул, з чаго раптам чыноўнікі звярнулі пільную ўвагу на агратурызм? Пра ўсё гэта Еўрарадыё паразмаўляла з бізнесменамі са сферы агратурызму і кіраўніком Беларускага грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы" Валерыяй Кліцуновай.

"Гэта не такі ўжо і прыбытковы бізнес"

Анатоль у агратурызме з 2012 года. Да гэтага займаўся грузаперавозкамі, а агратурызм развіваў у якасці запаснога варыянта, каб у выпадку чаго застацца на плаве. Яго сядзіба "Брода" знаходзіцца за 15 кіламетраў ад Мінска. Турыстам там прапануюць парыбачыць, схадзіць па грыбы ды ў ягады і папарыцца ў лазні. Пасяліцца на суткі ў невялікім сямейным доме двум турыстам абыдзецца ў 50 долараў.

— У нас цікавае месцазнаходжанне. Мы знаходзімся на краі вёскі, недалёка ад Мінска. Шыкоўная прырода, побач Раўбічы. Дваццаціметровым басейнам пахваліцца не можам, але для сярэдняга наведвальніка, як мне здаецца, сядзіба даволі нядрэнная, — расказвае Еўрарадыё гаспадар.

“Это может быть лобби ресторанного бизнеса”: льготам для агроусадеб конец?
Аграсядзіба "Брода" / ruralbelarus.by

— Гэты год крыху лепшы за мінулы, — працягвае Анатоль. — Замежнікі сёлета прыязджалі, але тыя, якія ў Беларусі па справах: дыпмісіі, прадстаўнікі замежных фірмаў. Беларусы сталі заязджаць часцей, а замежнікаў, якія едуць спецыяльна з-за мяжы, амаль няма. Напрыклад, спрабавалі прыехаць з Украіны пастаянныя кліенты, даехалі да мяжы, а іх развярнулі назад. Але асноўнымі кліентамі на 70 адсоткаў у нас заўсёды былі беларусы. Як мне здавалася, попыт ад замежнікаў рос з кожным годам, калі б не каранавірус.

Але гэта не такі ўжо і прыбытковы бізнес. Я гэта кажу не таму, што ў мяне "сярэдняя" сядзіба, а таму, што гэта такая галіна.

Не ўсё так гладка

— Для ўсіх аграсядзіб цяпер існуе льготнае падаткаабкладанне. Да мінулага года гэта была адна базавая ў год, цяпер дзве базавыя. Я так разумею, што яны ўсё-ткі падымуць стаўку падатку, — турбуецца Анатоль. Да гэтага яму, як гаспадару аграсядзібы, удалося выбіць ільготны крэдыт.

— Крэдыт далі на сем гадоў пад пяць адсоткаў гадавых. Гэта было няпроста, я забіў два гады, але мне яго далі. Крэдыт даюць на рэканструкцыю, я атрымаў каля 20 000 долараў.

Пытаемся ў гаспадара "Броды": ці ведае ён несумленных грамадзян, якія замест аграсядзіб развіваюць гатэльны бізнес?

— Не ведаю, што яны [чыноўнікі. — Еўрарадыё] пад гэтым маюць на ўвазе. Тое, што камандзіровачных засяляюць? Ну, можа быць, нейкія гаспадары і здаюць рабочым у перыяд, калі няма наведвальнікаў. Але гэта не панацэя, гэта нявыгадна, там куча складанасцяў.

Вядома, можа быць такое, што хтосьці здае катэдж толькі пад рабочых, а піша, што гэта сядзіба. Каля Мінска так рабіць, можа, і выгадна. Але я гэтым не займаюся, за ўмоўных 20 долараў мне будзе нерэнтабельна іх сяліць.

“Это может быть лобби ресторанного бизнеса”: льготам для агроусадеб конец?
Невялікі басейн у "Бродзе" / ruralbelarus.by

Але калі ўсё-ткі прыйдуць сур'ёзныя дзядзькі з райвыканкама і падатковай і запатрабуюць даказаць, што "Брода" — не гатэль, то што рабіць?

— У гатэлі ж асобныя нумары з адасобленым санвузлом, а ў нас такіх няма, — разважае гаспадар. — Аграсядзібы, як правіла, будуюцца для сябе. У нас тут гатэльных прыкмет дакладна няма.

Рэч у тым, што ў сядзібе немагчыма засяліць двух чалавек, а потым да іх падсяліць яшчэ дваіх. Турысты, як правіла, гэтага не любяць. Мне здаецца, што ўсё гэта [дзеянні чыноўнікаў. — Еўрарадыё] проста спроба зрабіць больш жорсткімі ўмовы нашага бізнесу. Хутчэй за ўсё, гэта чыёсьці лобі, можа быць, рэстараннага бізнесу. Сядзібы ў гэтым плане даволі сур'ёзныя канкурэнты, бо нам дазволена прымаць вяселлі, карпаратывы.

Улады сцвярджаюць, што ў Беларусі створаны дастатковыя ўмовы для ахвотных праявіць сябе ў бізнесе. Ці справядліва гэта ў адносінах да агратурыстычнага бізнесу?

— Нейкая заманілаўка льготным падаткаабкладаннем ёсць, але, напрыклад, крэдыт выбіць вельмі складана, даюць яго адзінкам. Калі ў кагосьці ёсць грошы, то, вядома, умовы выгадныя: пабудаваў дом і падаткі не плаці. Але калі браць канкрэтна агратурызм, то гэта бізнес няпросты, не высокаліквідны, — перакананы Анатоль. — А адзін час яны наогул мусіравалі тэму пра перавод агратурызму ў форму ІП і юрыдычнай асобы. Гэта наогул абсурд. Асабліва калі гэта закране сядзібы на перыферыі, то яны закрыюцца адразу. Падаткі плаціць асабліва няма з чаго. Працую з 2012 года, і ці акупілася хоць бы мая сядзіба да гэтага часу — гэта пад вялікім пытаннем. Гэта пры тым, што размешчана сядзіба пад Мінскам, а што гаварыць пра раённыя цэнтры?

Галоўная праблема, якая на цяперашні момант вельмі хвалюе Анатоля, — праблема крэдытавання, а менавіта немагчымасць пакінуць у заклад маёмасць, якая ёсць у прадпрымальніка.

— Асабліва немагчыма закласці жылыя памяшканні, і, натуральна, немагчыма ўзяць крэдыт, — наракае мужчына. — Мая ж сядзіба каштуе пэўную суму. Але я не магу пад яе ўзяць крэдыт, таму што яна лічыцца жылым памяшканнем. Па законе жыллё нельга ўносіць у заклад. А так глядзіш, пакінуў сядзібу ў заклад — і будуй іншую. А з капеек, якія бярэш з наведвальнікаў, асабліва не разгорнешся.

"У адваротным выпадку мы б проста не выжылі"

“Это может быть лобби ресторанного бизнеса”: льготам для агроусадеб конец?
Лес, сажалка, спакой — што яшчэ трэба? / ruralbelarus.by

Наша іншая суразмоўніца ў агратурызме больш за дзесяць гадоў. Яе дом не з тых, у якім чакаюць вяселляў і шумных кампаній: тут радыя таму, хто прыязджае атрымаць асалоду ад прыроды і шыкоўнай лазні.

— Людзям тут падабаецца таму, што, з аднаго боку, прырода, а з другога боку, не глуш. Побач Мінск, "Лінія Сталіна", недалёка Лагойск, — расказвае жанчына.

А колькасць турыстаў, якія цягнуцца да беларускай прыроды, неяк змянілася апошнім часам? Каранавірус жа.

— Безумоўна. Па-першае, расіян, асноўных кліентаў, стала нашмат менш. Па-другое, мы і самі асцерагаемся захварэць, сталі радзей прымаць гасцей. Хоць і пытаешся, маўляў, хварэлі вы ці не, але ўсё роўна баімся. Проста ў нас у сям'і ёсць нядобрыя прыклады з каранавірусам.

Да нас прыязджалі раней і прыбалты, але наогул мы аддавалі перавагу расіянам. Чаму здаём замежнікам? Людзі прыязджаюць у чужую краіну, яны паводзяць сябе больш асцярожна, стрымана.

Мы плацім зусім маленькі падатак, і дзякуй за гэта, таму што ў адваротным выпадку мы б проста не выжылі, вельмі шмат рызык. Увогуле кажучы, ты цалкам не абаронены, ты не ведаеш, якія людзі да цябе прыехалі, што яны там будуць рабіць, што яны пакінуць пасля сябе. У нас, напрыклад, шкляныя дзверы ў лазні каштуюць чатыры такія наведванні. Калі давядзецца рызыкаваць ды яшчэ плаціць падаткі, то я б не стала займацца гэтым бізнесам. І дзякуй богу, што нас пакуль яшчэ строга не правяраюць.

"Не будзе лесу — не будзе маёй аграсядзібы"

Жанчына лічыць, што, увогуле кажучы, няма прычын скардзіцца на дрэннае стаўленне да агратурыстычнага бізнесу з боку ўладаў. Маўляў, такое супрацоўніцтва — гэта ўзаемавыгадная дамова з дзяржавай.

— Мы людзей прыцягваем сюды, яны едуць у горад, едуць у Сілічы. Гэта як помпа для так званых маленькіх інвестараў. Яны прывозяць грошы да нас.

“Это может быть лобби ресторанного бизнеса”: льготам для агроусадеб конец?
Каму лес, а каму і месца пад забудову / ruralbelarus.by

— Але хацелася б абараніць нашы правы, — працягвае гаспадыня. — Вось вам прыклад: насупраць нашай аграсядзібы лес. Яго пачынаюць пілаваць. Не будзе лесу — не будзе маёй аграсядзібы. І я нічога не магу з гэтым зрабіць. Я нават не ведаю, як я магу абараніць наш бізнес. Можа, неяк браць гэты лес у арэнду?

У нас такое маляўнічае месца тут, пад Мінскам, і ўжо тут паступова ідзе забудова. Зразумела, што камусьці хутка захочацца спілаваць гэты лес і пабудаваць там нешта. І я не думаю, што на сённяшні дзень з намі хтосьці будзе лічыцца. А для таго, каб лічыліся, магчыма, патрэбен адпаведны законапраект?

Па словах жанчыны, лес пілуюць дзяржаўныя структуры.

— Пілуюць пад выглядам таго, што там які-небудзь "жучок-чарвячок" завёўся. У нас побач з домам, там, дзе было самае добрае, самае прыгожае дрэва, — там ужо нічога няма. І калі заўтра прыйдуць і яшчэ спілуюць, то ўсе нашы грашовыя ўкладанні, усе нашы старанні пойдуць прахам.

Як выяўляць "паршывых авечак"?

Пракаментаваць сітуацыю Еўрарадыё папрасіла Валерыю Кліцунову, старшыню праўлення Беларускага грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы". Арганізацыя недзяржаўная і некамерцыйная, асноўная яе мэта — дапамагаць людзям, гатовым уліцца ў агратурыстычны бізнес.

Цікавімся ў старшыні: ці справядлівыя прэтэнзіі чыноўнікаў наконт "не зусім сумленных грамадзян", якія пад выглядам аграсядзіб развіваюць гатэльны бізнес? Ці варта тут секчы шашкай?

“Это может быть лобби ресторанного бизнеса”: льготам для агроусадеб конец?

— Гэта поўнае трызненне. Аграсядзібы і ёсць, па сутнасці, міні-гатэлі, — тлумачыць Валерыя Кліцунова. — Гэта не юрыдычныя асобы, і ім можна здаваць да дзесяці пакояў. Калі мы [БГА "Адпачынак у вёсцы". — Еўрарадыё] пачыналі, мы пралабіравалі ўмову: пяць пакояў. Потым Мінспорту захацела больш, яны сказалі, маўляў, даём права на дзесяць пакояў. І вось уявіце, што ў чалавека ў доме дзесяць пакояў, часта з прыбіральнямі. Гэта ж міні-гатэль, але гэта тое, што гаспадар мае поўнае права зрабіць. І ён мае поўнае права карміць сваіх наведвальнікаў, а гэта, атрымліваецца, ужо рэстаранам можна назваць?

“Это может быть лобби ресторанного бизнеса”: льготам для агроусадеб конец?
Загадка для чыноўніка: як адрозніць гатэль ад аграсядзібы? / booking.com

— Ну ёсць, можа, адсоткі тры такіх гаспадароў, якія хочуць "бабак зрубіць". Але гэта мала. Праз іх нельга загубіць лёсы трох тысяч сядзіб, — лічыць жанчына. — Як такіх "паршывых авечак" выяўляць? Гэта цяжка. Ну ёсць некалькі чалавек, якія схітравалі і скарысталіся такой сітуацыяй. Дык што, праз тое, што адзін чыноўнік — хабарнік, мы ўсіх пасадзім? Для канфліктных выпадкаў няхай будуць штрафы, ёсць жа міліцыя, урэшце. Нельга ж гэта на ўсіх распаўсюджваць.

Мы даўно прапануем і абмяркоўваем з урадам тое, каб увесці градацыю. Няхай падатак залежыць ад абароту або далёкасці ад горада. У каго круцейшы бізнес, у каго большы абарот, той проста плаціць нейкі адсотак. Калі ў цябе маленькая сядзібка на чатыры ложкі, то, вядома, хай будзе адна базавая. І тады ўсе спакойныя.

А як цяпер ідуць справы ў агратурыстычным бізнесе ў цэлым?

— У іх дастаткова добрыя ўмовы гаспадарання. Асабліва я думаю, што грэх скардзіцца было сядзібам гэтым летам — яно было ідэальнае, — расказвае жанчына Еўрарадыё. — На сённяшні дзень глабальных праблем у нашых аграбізнесменаў я не бачу. Яны могуць паўстаць у выпадку змены заканадаўства, унясення якога-небудзь дурнога і зусім неймавернага законапраекта.

“Это может быть лобби ресторанного бизнеса”: льготам для агроусадеб конец?
Аграсядзіба "Брода" / ruralbelarus.by

— Але важна тое, дзе знаходзіцца сядзіба, — працягвае Валерыя Кліцунова. — Калі побач з Мінскам, то можна сказаць, што ты асуджаны на поспех. Але мне шкада нашых хлопцаў з умоўнага Ваўкавыскага раёна, якія рвуцца і хочуць, але проста выжываюць, і не больш за тое. А на вялікія сядзібы пастаянна пачынаюцца нейкія наезды. Кантрольныя органы не могуць перажыць, калі ў кагосьці поспех і ўсё добра.

Не забывайце, што людзі туды свае грошы "закапалі", дзяржава нічога ім не дала. Аграбізнесмены — гэта не тыя людзі, якія "бабло стрыгуць". Ім патрэбна самарэалізацыя, яны хочуць нешта пакінуць на гэтай зямлі.

Налета ў аб'яднання будзе юбілей — 20 гадоў, а колькасць уцягнутых у працэс сядзіб ужо налічвае тры тысячы. Нягледзячы на станоўчыя вынікі дзейнасці арганізацыі, улады чамусьці вырашылі ёй насаліць.

— У грамадскіх арганізацый існуе магчымасць паніжэння каэфіцыента арэнды офіснага памяшкання. Грамадскія арганізацыі не могуць займацца бізнесам, адпаведна, у іх няма грошай, каб аплаціць арэнду, якая немаленькая. Таму існуюць ільготы, і самы вялікі каэфіцыент паніжае кошт арэнды ў дзесяць разоў — гэтым карысталіся і мы. І такіх, як мы, было больш за 200 арганізацый. Летась з гэтага спіса выкраслілі сто арганізацый, у тым ліку і нас.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі