Гэта небяспечны крок — Святлана Ціханоўская пракаментавала затрыманне Навальнага
Прыбыццё Аляксея Навальнага ў Маскву / Reuters
Беларусы таксама ўжо неаднаразова бачылі, як затрымліваюць палітыкаў, вымушаюць з'ехаць з краіны, каб прымусіць іх замаўчаць, заявіла Светалана Ціханоўская з нагоды затрымання ў маскоўскім аэрапорце расейскага палітыка Аляксея Навальнага.
Навальны быў затрыманы напярэдадні вечарам на пашпартным кантролі пасля яго вяртання з Германіі, дзе праходзіў лячэнне. У Германіі ён апынуўся пасля таго, як яму стала кепска падчас рэйса Томск-Масква. Борт экстрана пасадзілі ў Омску. Праз некалькі дзён у несвядомым стане палітыка перавезлі ў Берлінскую клініку Шарытэ. Пасля Новага года Навальны абвясціў, што вяртаецца ў Маскву рэйсам 17 студзеня. Напярэдадні яго прылёту стала вядома, пра тое, што ён абвешчаны ў вышук.
Святлана Ціханоўская нагадала пра свайго мужа Сяргея Ціханоўскага, пра Марыю Калеснікаву, Віктара Бабарыку, Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча.
"Усе гэтыя людзі знаходзяцца ў турме, таму што старая палітычная сістэма не ўмее канкурыраваць годна. Па гэтай жа прычыне сёння быў затрыманы Аляксей Навальны. Але гэта небяспечны крок", — сказала Ціханоўская. Каментар апублікаваны ў яе телеграм-канале.
Яна нагадала, што кожны чалавек мае права на выбар і на дом. Затрыманне Навальнага паказвае, што "нашым краінам яшчэ трэба прайсці сур'ёзны шлях, каб мы маглі адчуваць сябе на радзіме – дома".
Паводле яе слоў, за гэта і змагаюцца апазіцыйныя палітыкі: "каб усе, каму давялося з'ехаць, маглі вярнуцца; а ўсе, хто застаўся ў Беларусі, перасталі адчуваць, што жывуць у турме".
Самалёт з Аляксеем Навальным павінен быў прызямліцца ў маскоўскім аэрапорце Унукава. Прыхільнікі палітыка сабраліся, каб сустрэць яго, але паліцыя і АМАП выціснулі іх з будынка тэрмінала.
Частку людзей затрымалі, сярод затрыманых апынуліся журналісты незалежных выданняў і паплечнікі Навальнага. Уяго, па дадзеных АУС-ІНФА, затрыманыя каля 70 чалавек. Самалёт з Навальным тым часам перанакіравалі ў аэрапорт Шарамеццева.
Перад праходжаньнем пашпартнага кантролю Навальны паспеў сказаць, што пытанне аб невяртаньні ў Расею "не стаяла ні адну секунду".
"Я цалкам шчаслівы, што прыляцеў, гэта мой лепшы дзень за апошнія 5 месяцаў. Тут мой дом, я не баюся, я ведаю, што мае рацыю, крымінальныя справы супраць мяне сфабрыкаваныя", — цытуе Навальнага выданне "Новая газета".
Палітыка затрымалі падчас праходжання пашпартнага кантролю.
Пазней у расійскім упраўленні федэральнай службы выканання пакаранняў заявілі, што "ў аэрапорце "Шарамеццева"супрацоўнікамі аддзела вышуку аператыўнага кіравання УФСІН Расіі горада Масквы быў затрыманы асуджаны да ўмоўнага пакарання Аляксей Навальны, які з 29 снежня 2020 года знаходзіўся ў вышуку за шматразовыя парушэнні выпрабавальнага тэрміну".
У ноч на панядзелак адвакат Навальнага Вольга Міхайлава паведаміла Рускай службе "Бі-бі-сі", што затрыманы палітык знаходзіцца ў другім аддзеле паліцыі ў Хімках. Юрыста да яго не пусцілі, прапанавалі прыходзіць раніцай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.