"Гэта што яшчэ такое?" Чыноўнікі зноў рассылаюць беларусам лісты аб дармаедстве
"Вы папярэдне аднесены да грамадзян, не занятых у эканоміцы" / Еўрарадыё
Слухач Еўрарадыё даслаў у рэдакцыю фота ліста, які знайшоў у паштовай скрыні. На аркушы фармату А4 яму паведамляюць, што ён "папярэдне аднесены да грамадзян, не занятыя ў эканоміцы".
— Гэта што яшчэ такое?! У мяне ІП. Падаткамі адлічваю ў бюджэт у 10-15 разоў больш, чым любы сярэднестатыстычны работнік, — здзіўляецца ўвазе да сваёй персоны Аляксандр Мікалаевіч. Бо ў пастанове Саўміна №239 сказана, што індывідуальныя прадпрымальнікі лічацца грамадзянамі, занятымі ў эканоміцы!
Па названых у лісце кантактных звестках Еўрарадыё датэлефанавалася ва ўпраўленне эканомікі Заводскага раёна Мінска. Высвятляем, што ліст сапраўдны, а не чый-небудзь злы жарт.
— Гэта магла быць тэхнічная памылка. Можа быць такая сітуацыя, што чалавек зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам тады, калі база ўжо была сфармаваная, — адказваюць нам на пытанне пра тое, чаму ліст прыйшоў ІПшніку. — Базу фармуем не мы, а арганізацыі, пералічаныя ў дадатку адзін да пастановы. Яна фармуецца раз на квартал, і спісы на аплату зацвярджаюцца таксама раз на квартал. Потым інфармацыю аддаюць у Міністэрства працы.
У адміністрацыі Заводскага раёна дадаюць, што такія лісты не рэдкасць. Рассылаюцца яны ўжо даўно.
— Хатняя гаспадыня, напрыклад, адназначна можа трапіць у гэты спіс, калі яна не працуе. Фрылансер, калі ён плаціць падаткі, у гэты спіс не трапіць.
А калі чалавек пацярпеў ад наступстваў пандэміі? Доўга хварэў або страціў свой бізнес? Замест дапамогі беларускія ўлады таксама запішуць яго ў дармаеды?
— У базу яго ўнясуць. Але чалавек можа звярнуцца ў камісію па цяжкай жыццёвай сітуацыі. Наша камісія заўсёды ідзе насустрач такім грамадзянам. Даецца нейкі перыяд, каб наладзіць сваю працоўную дзейнасць ці неяк выйсці з сітуацыі.
Атрымліваецца, з 2017 года, калі ўлады мінулы раз апякліся на спробах сфармаваць спісы дармаедаў, практычна нічога не змянілася. Грамадзяне Беларусі па-ранейшаму павінны даводзіць, што яны не "дармаеды", а не наадварот. Інакш улады пагражаюць выставіць "не занятым у эканоміцы" гіганцкі рахунак за ацяпленне.
— Пацвярджаць свой статус не абавязкова, гэта жаданне грамадзяніна і яго права, — адказваюць Еўрарадыё. — Але каб грамадзянін не аплачваў гарачае водазабеспячэнне па эканамічна абгрунтаваных тарыфах, [трэба пацвердзіць]. Калі чалавек не пацвердзіў сваю занятасць, то ён так аплачвае гарачае водазабеспячэнне. Цяпер гэта каля дзевяноста двух рублёў за гігакалорыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.