"Гэта ўжо Паўночная Карэя". Навуковец — пра жахлівы стан беларускай навукі
Навука ў Беларусі
Беларускім навукоўцам з Акадэміі навук забараняюць ездзіць у адпачынак у “варожыя краіны”, кажа Еўрарадыё кандыдат фізіка-матэматычных навук Іван Сіўцоў. Калі ты навуковец, гэта не проста забарона на ўмоўны шэзлонг у Італіі — гэта значыць, што і супрацоўнічаць з замежнымі калегамі, друкавацца ў замежных часопісах ты наўрад ці наважышся.
А гэта можа значыць, што кар’еры канец. Бо ўнёсак навукоўца ў навуку акурат і вымяраецца колькасцю публікацый у аўтарытэтных выданнях, а таксама цытаваннем.
Беларускія навукоўцы праз санкцыі ўжо страцілі магчымасць супрацоўнічаць з ЦЭРНам (CERN) — Жэнеўскім цэнтрам даследванняў, дзе зрабілі інтэрнэт і пабудавалі Вялікі андронны калайдар. Але яны маглі б захоўваць прынамсі асабістыя кантакты з замежнымі калегамі і працаваць над агульнымі праектамі — калі б чыноўнікі не глядзелі на Еўропу як на “варожыя краіны”.
Раней Іван Сіўцоў працаваў у Цэнтры фундаментальных узаемадзеянняў і астрафізікі Інстытута фізікі НАН Беларусі. Год таму мы размаўлялі з ім пра тое, чым пагражае абрыванне кантактаў у навуковай сферы.
Сёння мы ўжо можам аналізаваць, на якой стадыі развіцця знаходзіцца беларуская навука, трапіўшы ў ізаляцыю. Каротка: у агоніі.
Ці можна яшчэ спыніць гэты працэс?
“Стан як у нямецкай навукі перад Другой сусветнай вайной”
— Што адбываецца ў беларускай навуцы?
— Тое, што і ў астатніх галінах. Усё толькі горшае. Год таму ў навукоўцаў пачаліся праблемы з камандзіроўкамі: ім не давалі магчымасць паехаць працаваць у краіны, якія абвясцілі варожымі. А цяпер ужо па некалькіх інстытутах прайшла забарона ездзіць у гэтыя краіны нават на адпачынак. Калі паедзеш, будуць праблемы на працы. Чорныя спісы супрацоўнікаў ужо існуюць, і яны ходзяць па ўстановах.
Раней людзі ездзілі ў замежныя камандзіроўкі, і гэта заўсёды рабілася за конт боку, які прымае. Цяпер гэта немагчыма.
У навуцы ўсё менш грошай, усё менш свабоды, у тым ліку навуковай. Ты павінны супрацоўнічаць толькі з тымі, на каго пакажа начальства. Людзей ставяць ва ўсё больш кабальныя ўмовы.
— Год таму вы рабілі прагноз, што будзе з фізікай у Беларусі, калі ЦЭРН адмовіцца з намі супрацоўнічаць. І вось ён адмовіўся. Што стала?
— ЦЭРН разаслаў усім расійскім і беларускім навукоўцам паведамленне пра тое, што спыняе супрацу. Апошняе, што засталося — супраца з Аб’яднаным інстытутам ядзерных даследаванняў (АІЯД), кантакты з ім яшчэ не парвалі.
Але ёсць і яшчэ адна карысць ад навукі. Калі вы маеце таленавітых людзей, гэта заўжды дае тэхналагічны выхлап. Бо ўсё, што прыдумалі і настваралі навукоўцы, потым распаўзаецца ў выглядзе стартапаў і вялікіх прадуктаў, якія маюць вялікі поспех на камерцыйным рынку.
Навука ў ЗША ці Еўропе жыве прыкладна гэтым. Атрымалі PhD [доктарская ступень. — Еўрарадыё] — і можаце хоць заставацца ў навуцы, хоць пайсці ў камерцыю.
Але ў вас вялікі кругагляд, вы шмат ведаеце і навучаныя вырашаць цяжкія праблемы. Навука — гэта галіна, дзе мы грызём невядомае і сутыкаемся з праблемамі больш цяжкімі, чым у індустрыі. Людзі, якія выйшлі з навукі, натрэніраваныя вырашаць такія праблемы.
У нас такую сувязь паміж навукай і камерцыяй намагаюцца насадзіць зверху. Вось Лукашэнка прыйдзе і скажа: хопіць навукоўцам займацца бязглуздзіцай, трэба павышаць ураджайнасць кукурузы. Ну… і гэтым навукоўцы таксама займаюцца. Але не факт, што гэта менавіта тое, у чым сіла беларускай навукі.
Ні вялікіх секвенсараў, ні лабараторый, якія займаліся геннай мадыфікацыяй, у нас няма. Так, нам, можа, і хацелася б, каб менавіта ў гэтай сферы быў навуковы прарыў, але гэта не зусім так працуе. А як? Арганічна. У навуцы ты не заўсёды можаш прадказаць, што і дзе вырасце.
Не трэба капаць там, дзе начальства сказала капаць. Людзі павінныя мець свабоду, людзі павінныя капаць там, дзе яны могуць дасягнуць найбольшых поспехаў. Ты можаш загадаць капаць “тут”. Але што калі тут — граніт, а ўрадлівая глеба побач?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.