Канец беларускай фундаментальнай фізікі? ЦЭРН зачыняе для нас дзверы

Скрыншот з серыяла "Тэорыя вялікага выбуху"

Скрыншот з серыяла "Тэорыя вялікага выбуху" / CBS

Беларускія вучоныя праз санкцыі хутка страцяць магчымасць супрацоўнічаць з ЦЭРН (CERN) — Жэнеўскім цэнтрам даследванняў, дзе зрабілі інтэрнэт і пабудавалі вялікі адронны калайдар. Гэта гучыць нядобра.

А вось, што гучыць дрэнна: нават калі б ЦЭРН пагадзіўся працягнуць супрацу з некаторымі з беларусаў, тым давялося б тлумачыць чыноўнікам ад навукі, чаму ім патрэбна “на Захад”.

Ці значыць гэтая ізаляцыя канец беларускай навукі?

— Зараз — я не перабольшваю — фундаментальная фізіка знаходзіцца ў агоніі, — кажа кандыдат фізіка-матэматычных навук Іван Сіўцоў. Раней ён працаваў у Цэнтры фундаментальных узаемадзеянняў і астрафізікі Інстытута фізікі НАН Беларусі.

Канец беларускай фундаментальнай фізікі? ЦЭРН зачыняе для нас дзверы

“Беларусы былі аднымі з тых, хто адкрыў базон Хігса”

— А ў чым страта?

— ЦЭРН — гэта найвялікшы цэнтр фізікі высокіх энергій. Гэта супольнасць вучоных, якія, як бы пафасна гэта не гучала, займаюцца менавіта тым, што адкрываюць сакрэты сусвету. І гэта самая вялікая і самая добрая з усіх падобных арганізацый.

Яе стварылі пасля 2-ой сусветнай вайны. І вучоныя ЦЭРН з’яўляюцца аператарамі найвялікшага адроннага калайдара, дзякуючы якому сярод іншага быў адкрыты базон Хігса.

Калайдар і цяпер працягвае свой квэст вывучэння сусвету і самых фундаментальных галінаў фізікі. Таму ЦЭРН — гэта, можа, найбольш каштоўная фізічная супольнасць сусвету.

— Але без ЦЭРН, без калабарацыі з замежнікамі ці магчыма зрабіць тыя самыя адкрыцці?

— У фізіцы высокіх энергій цяжка нешта зрабіць самому, у гэтай сферы працуюць вялікія калабарацыі: ад некалькіх соцен да нават некалькіх тысяч чалавек.

У ЦЭРН ёсць некалькі вялікіх калабарацый і яшчэ шмат малых, што займаюцца на малых калайдарах ці робяць некалайдарныя эксперыменты. Прыкладам, па пошуку цёмнай матэрыі.

Дарэчы, навукоўцы нашай школы фундаментальнай фізікі ўваходзілі ў тым ліку ў вялікую калабарацыю, якая адкрыла базон Хігса.

— Ого, а якім чынам?

— Беларусы ўдзельнічалі ў канструкцыі часткі дэтэктараў. Дарэчы, цікава, што спецыфічныя металічныя дэталі для іх рабілі, пераплаўляючы гільзы ад снарадаў.

Канец беларускай фундаментальнай фізікі? ЦЭРН зачыняе для нас дзверы
Кадр з сіткома "Теорыя вялікага выбуху" / CBS

Выходзіць, што не толькі сам ЦЭРН, але і ўнутраныя функцыянеры ірвуць сувязі беларускай навукі са светам.

— Добра, у камандзіроўкі не пускаюць. Але ці можна падтрымліваць кантакты адно з адным дыстанцыйна, у зуме якім?

— Ведаеце, гэта даволі парадаксальна, але хоць навука знаходзіцца на перадавой нашай цывілізацыі, кантакты падтрымліваюцца архаічным метадам. Людзі перадаюць вопыт адно аднаму асабіста. Таму так важна, калі людзі маюць магчымасць ездзіць адно да аднога на семінары, працаваць, гледзячы адно адному ў вочы.

Прытым грошай, каб некага запрашаць да сябе, у нас наогул не было ніколі. Я ведаю адзін ці два выпадкі, калі лабараторыя запрашала замежных прафесараў за кошт грошай, што атрымала з недзяржаўных крыніц. Але ж галоўным чынам кантакты складаліся з таго, каб па нечым запрашэнні паехаць да замежных калег.

І гэта вялікая праблема, якую цяжка было вырашыць.

Міжнароднае супрацоўніцтва неабходнае. Дарэчы, і амерыканцы, у якіх таксама ёсць свае калайдары, уключаюць у калабарацыі замежнікаў — з Еўропы, з Японіі. Без супрацоўніцтва ў фундаментальнай фізіцы больш нічога немагчыма зрабіць.

— А вось нам адкажуць на гэта, маўляў, у СССР жылі ў ізаляцыі — і нічога, развівалася навука.

— ЦЭРН з’явіўся не на пустым месцы. Ён з’явіўся, бо асобныя дзяржавы ўжо не маглі пацягнуць выдаткі на вялізныя калайдары. Гэта пакуль могуць толькі ЗША. Але і ў іх ужо даўно няма самых вялікіх у свеце калайдараў менавіта таму, што яны працуюць адны.

Праблема ў грошах. СССР быў таксама вялізным цэнтрам, які не саступаў ЦЭРН, недзе да 70-х гадоў. Але ўжо і ў Саюза ўжо не хапала грошай, каб рабіць такія вялікія калайдары аднаасобна, і пачалося адставанне.

Усе найбольш фундаментальныя часціцы былі знойдзеныя ўжо не ў СССР.

 

“Фізіка высокіх энергіяў у Беларусі была бедная, але жывая”.

— У беларускай навуцы ёсць грошы?

— Я быў навуковым сакратаром усёй беларускай праграмы, якая займаецца фізікай высокіх энергій. І кожны год на ўсё гэта дзяржава выдаткоўвала меней за мільён долараў. І для такіх невялікіх выдаткаў нашыя навукоўцы паказвалі вельмі, вельмі добрыя вынікі.

Канец беларускай фундаментальнай фізікі? ЦЭРН зачыняе для нас дзверы
Кадр з сіткома "Теорыя вялікага выбуху" / CBS

За год людзі друкавалі каля пяцісот артыкулаў! Фізіка высокіх энергіяў у Беларусі была бедная, але жывая.

— А чыноўнікі спытаюць: 500 прац — і што? З іх што, грошы можна зарабіць? Як яны манетызуюцца, гэтая працы?

— Неяк у ЦЭРН арганізоўвалі даследванне, у межах якога падлічылі эканамічны эфект ад выдаткавання рознымі дзяржавамі грошай на той самы ЦЭРН. Як гэтыя выдаткі адбіліся на эканоміцы? Які сумарны эканамічны эфект?

І прыйшлі да высновы, што ўкладанне грошай у ЦЭРН давала ў два разы больш грошай за тыя, што былі ўкладзеныя.

Фундаментальная навука выгадная — але яе эканамічны эфект не наўпроставы. Яна дае новыя распрацоўкі. Прыкладам, вялікі адронны калайдар працуе на звышправадніках. І цяпер гэтыя распрацоўкі, якія з’явіліся дзякуючы калайдару, пранікаюць у іншыя тэхнічныя распрацоўкі.

Так, перад Паўднёвай Карэяй стаіць вялікая праблема перадачы энергіі, і яны робяць звышперадатчык, каб энергія цякла па такіх кабелях па дне мора. Гэтая тэхналогія якраз звязаная з распрацоўкамі, якія вяліся пры стварэнні вялікага адроннага калайдара.

Дарэчы, інтэрнэт! Ён таксама быў вынайдзены ў ЦЭРН. Выходзіць, фундаментальную навуку фінансаваць выгадна, але выгаду ты бачыш праз адзін крок, а не проста цяпер.

— А ўвогуле мільён долараў, якія выдаткоўваліся на ўсе гэтыя працы — гэта шмат? Бо мільён, вядома ж, гучыць як даволі буйная лічба.

— Вы можаце палічыць: атрымаецца па 2 000 долараў на кожную з пяцісот прац. У Швейцарыі адна праца каштуе прыкладна 50 000 долараў. Таму беларуская навука рабіла цуды эфектыўнасці з тымі рэсурсамі, якія ў яе былі.

У фундаментальнай фізіцы мы маем справу з найбольш складанымі праблемамі з усіх, якія ёсць у сусвеце. І калі чалавек можа прыдумаць, як вырашыць такую праблему, ён можа пасля гэтае рашэнне дастасаваць да больш лёгкіх праблем па-за фундаментальнай навукай.

То бок эканамічны эфект ад адкрыцця будзе — але не прамы.

— А колькі дзяржава павінна выдаткоўваць на такія праекты, каб і эфект быў, і навукоўцы не думалі пра выжыванне?

— Раней беларуская дзяржава выдаткоўвала на распрацоўкі нешта накшталт 2-3 адсоткаў ВВП. І гэта недзе ў 2-3 разы менш, чым у развітых краінах. То бок беларуская навука хранічна недафінансаваная.

Канец беларускай фундаментальнай фізікі? ЦЭРН зачыняе для нас дзверы
Кадр з сіткома "Теорыя вялікага выбуху" / CBS

У нас любілі прымаць пяцігадовыя планы, і ад сярэдзіны “нулявых” пра навуку практычна ў кожным такім плане пісалася наступнае: мы падымем выдаткі да 5 адсоткаў. Але год за годам мы заставаліся на тым жа ўзроўні.

Я не думаю, што зараз гэтая лічба змянілася.

 

Застанецца ганарыцца нобелеўскімі лаўрэатамі “з беларускімі карнямі”

— Як людзі рэагуюць на тое, што адбываецца з навукай?

— Па-рознаму. Некаторыя сціскаюць зубы і кажуць — ну, у савецкія часы ў нас былі праблемы, ну і зараз праблемы. Будзем працягваць працаваць. Але галоўным чынам гэта людзі старэйшага веку. Яны вырашаюць “як-небудзь дапрацаваць”. Маўляў, на дзяржаву наўпрост я не працую — то дасяджу.

А шмат хто з маладзейшых людзей з’ехаў. У нас у тэарэтычнай фізіцы і ў фізіцы высокіх энергій была праблема: адсутнічала прамежкавае пакаленне, так званыя “маладыя дактары навук”. Гэта людзі прыкладна саракагадовага ўзросту.

Гэтыя людзі звычайна і цягнуць навуку наперад, робяцца навуковымі кіраўнікамі для студэнтаў і для тых, хто плануе пісаць кандыдацкія дысертацыі. Гэтыя маладыя дактары навук павінныя былі б рабіць свае кандыдацкія дысертацыі прыкладна ў двухтысячных. Але праблема ў тым, што ў тыя часы людзі ўжо не разглядалі навуку як крыніцу магчымасцяў. Там не было ні грошай — нічога. Таму яны ці з’ехалі за мяжу, ці сышлі з навукі.

А цяпер сітуацыя стала яшчэ горшай. Бо, па-першае, з’ехалі самі маладыя дактары навук. Па-другое, яны не могуць вырасціць новае пакаленне. Зараз — я не перабольшваю — фундаментальная фізіка знаходзіцца ў агоніі.

— Цяпер вы жывяце за мяжой — як адрозніваецца тут стаўленне да навукоўцаў з боку дзяржавы?

— Цяпер я працую ў ІТ — але спадзяюся, што ў навуку яшчэ вярнуся. І я ведаю шмат нашых навукоўцаў, якія з’ехалі з Беларусі, але засталіся ў навуцы.

Галоўная праблема беларускай навукі — недахоп грошай. Іх хапае хіба што на тое, каб выжыць фізічна. У Еўропе працаваць у навуцы можна, і на грошы ад навукі можна жыць з сям’ёй.

Канец беларускай фундаментальнай фізікі? ЦЭРН зачыняе для нас дзверы
Кадр з сіткома "Теорыя вялікага выбуху" / CBS

Калі ты тут займаешся навукай, грошай на тое, каб жыць, у цябе хопіць. Праблемай могуць быць грошы на даследаванні. Тут навука пабудавана на, у нейкім сэнсе, патагоннай сістэме. Ты павінны пастаянна падавацца на гранты, каб былі грошы на даследаванні. У Беларусі таксама шмат трымаецца на грантах, але яны складаюць меншую частку ўсіх грошай.

Але ж гэтая еўрапейскай сістэма ў нейкім сэнсе і лепшая, бо пры ёй у навуцы застаюцца толькі вельмі адданыя ёй людзі. Фанатыкі ў добрым сэнсе — і яны працуюць. Такія “рыцары праўды”. І, дарэчы, паважаныя людзі ў Еўропе.

А ў савецкай сістэме стаўленне да навукоўцаў… як да недарэк нейкіх. Бульбу яны не саджаюць.

— А калі чалавек з’язджае, а пасля ў эміграцыі робіць адкрыццё — гэта яшчэ беларуская навука, ці ўжо не?

— А гэта складанае пытанне! У навуковых артыкулах указваецца аўтар і ўсе навуковыя ўстановы, да якіх ён належыць. Калі чалавек працуе ў Акадэміі навук Беларусі, ён можа быць хоць зімбабвійцам, хоць швейцарцам — ён будзе афіляваны з беларускай навукай.

А людзі, якія з’язджаюць, застаюцца ў сэрцы беларусамі, але ў сваёй афіляцыі ўжо ніяк не звязаныя з Беларуссю. Бацькі нобелеўскага лаўрэата Рычарда Феймана — беларускія яўрэі, што эмігравалі ў Штаты. Феймана нейкім чынам можна лічыць беларускім навукоўцам?

Можна казаць пра яго паходжанне і ганарыцца гэтым, але не, гэта не беларуская навука.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі