У Беларусі павялічваюць фінансаванне геалагічнага вывучэння нетраў

У Беларусі актыўна шукаюць нафту

У Беларусі актыўна шукаюць нафту / sb.by

У Беларусі павялічваюць фінансаванне геалагічнага вывучэння нетраў. Урад знайшоў на гэтыя мэты 5 млн 480 тысяч рублёў. Гэта вынікае з пастановы, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. 

У дакуменце адзначаецца, што фінансаванне для Мінпрыроды павялічаць за кошт змяншэння бюджэтных выдаткаў, прадугледжаных "на абслугоўванне знешняга дзяржаўнага доўгу".

Вясной 2024-га Аляксандр Лукашэнка паставіў перад новым міністрам прыродных рэсурсаў Сяргеем Масляком задачу шукаць у нашай краіне нафту і іншыя карысныя выкапні: "Трэба капаць і шукаць... Я не веру, што ў нашых нетрах няма таго, што нам трэба". І міністр стараецца — сёлета нафту ўпершыню пачалі шукаць у Віцебскай вобласці. У Мінпрыроды абмеркавалі "максімальна магчымае павелічэнне здабычы нафты". Зразумела, што на гэтыя мэты спатрэбіліся дадатковыя сродкі (на "навуковае забеспячэнне работ па геалагічным вывучэнні нетраў" у пачатку восені ўжо дадаткова выдзелілі больш за 230 тысяч рублёў).

Лукашэнка заяўляў, што разам з "Раснафтай" збіраецца "сур'ёзна памацаць" тэрыторыю Гомельскай вобласці і "абавязкова знайсці там нафту". Але частку свідравін, якія у савецкія часы "прасвідравалі і кінулі" (і на якія спадзяваўся Аляксандр Лукашэнка), "эканамічна немэтазгодна распрацоўваць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі