Капай глыбей. Колькі разоў Лукашэнка прасіў беларускіх геолагаў знайсці нафту
Нафта ў Беларусі
Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага міністра прыроды — і тут жа запатрабаваў ад яго капаць у бок карысных выкапняў. Ну не верыць ён, што ўжо ўсё знайшлі. Адчувае, што дзесьці яшчэ ў Беларусі мусіць быць, напрыклад, нафта.
Ды яму і складана думаць неяк па-іншаму. Бо калі ён мінулым разам прасіў знайсці нафту, яе цудоўным чынам знайшлі. І пазамінулым разам таксама знайшлі.
Мы прыгледзеліся да гэтых просьбаў і да кантэксту, у якім яны гучалі. І дзіўная рэч: чым вастрэй гучала рыторыка Лукашэнкі ў дачыненні да Расіі, тым глыбей капалі беларускія геолагі.
Чаму ў Расіі ёсць, а ў нас няма? Лета 2015 года
Гэта той самы год татальнай шматвектарнасці. Беларусь усё яшчэ не прызнавала анексіі Крыма, а Лукашэнка ў інтэрв'ю еўрапейскім журналістам казаў, што "мы будзем ваяваць супраць еўрапейцаў, амерыканцаў, расіян — каго заўгодна, калі ён паставіць сабе мэту заваяваць гэты кавалак зямлі".
Для поўнай свабоды ў манеўрах не хапала толькі невялікай свідравіны.
"Я проста не веру, што ў нас няма вялікіх аб'ёмаў нафты і што ў нашых нетрах адсутнічае прыродны газ", — казаў Лукашэнка міністру прыродных рэсурсаў Андрэю Каўхуту.
І геолагі капалі. А праз пару месяцаў раптам адкапалі трошкі пакладаў на старым радовішчы ў Рэчыцкім раёне!
Ідзі і пакажы, як трэба. Вясна 2016 года
Калі ты знаходлівы, нафту можна знайсці заўсёды. У 2016-м Лукашэнка ўзяўся паказаць, як трэба гэта рабіць. І рэальна знайшоў для Беларусі радовішча нафты. У Расіі.
Ён тады прапаноўваў расіянам памяняцца: хай бяруць Мінскі завод колавых цягачоў, а нам, беларусам, аддадуць якую невялічкую свідравіну, з якой мы будзем пампаваць 10 млн тон за год (тады мы куплялі ў Расіі блізу 20 млн тон за год). Расія на гэтую прапанову нічога не адказала.
"Чаму няма адказу? Здагадайцеся самі", — загадкава казаў Лукашэнка.
Наогул пра Крэмль ён тады выказваўся на мяжы фолу. Звяртаючыся нібыта да Нацыянальнага сходу, а насамрэч да Уладзіміра Пуціна, Лукашэнка заяўляў: "Расіяне павінныя разумець, мы — самастойная суверэнная дзяржава, гатовыя жыць з вамі ў адным доме, але мець сваю кватэру, хоць і маленькую". Ну і свідравіну — хоць і маленькую.
Тым часам геолагі капалі. І пад Новы год раскапалі Вугальскае радовішча на Гомельшчыне. Падарунак.
Брудная дружба. Красавік 2019 года
Той самы год, калі зламалася "Дружба", і праз нафтаправод з Расіі ў Беларусь пачала паступаць няякасная нафта. Праз гэта ў Мазыры зламалася дарагое абсталяванне, і наогул Мінск часова страціў магчымасць пампаваць нафту на Захад. Дружба паміж Расіяй і Беларуссю таксама іскрыла.
"Пра якую можна казаць далейшую інтэграцыю, калі <...> нават элементарнае пытанне дагэтуль не вырашанае па бруднай нафце. Яны робяць выгляд, што гэтай бруднай нафты не было", — адчытваў Лукашэнка расіян.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.