Свідравіны, на якія спадзяваўся Лукашэнка, эканамічна немэтазгодна распрацоўваць
Здабыча нафты ў Беларусі
Частку свідравін, якія у савецкія часы "прасвідравалі і кінулі", "эканамічна немэтазгодна распрацоўваць". Гэта вынікае з паведамлення ў эфіры СТБ намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктара Галанава. Менавіта пра гэтыя свідравіны нядаўна згадваў Аляксандр Лукашэнка, калі заявіў, што разам з "Раснафтай" збіраецца "сур'ёзна памацаць" тэрыторыю Гомельскай вобласці і "абавязкова знайсці там нафту". Аднак Галанаў адзначае, што згаданыя свідравіны "маюць нейкія складанасці ў распрацоўцы" таму "сёння заўчасна казаць аб прамысловай здабычы нафты з іх".
Пры гэтым намеснік міністра кажа, што разам са спецыялістамі "Беларуснафты" будуць абмяркоўваць, як некаторыя з такіх свідравін усё ж "паставіць на прамысловыя рэйкі". Бо даручэнне Лукашэнкі трэба хаця б часткова выканаць. Як і задачу "максімальна магчымага павелічэння здабычы нафты".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.