Белдзяржуніверсітэт увайшоў у рэйтынг найлепшых ВНУ свету па фізічных навуках
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт увайшоў у рэйтынг найлепшых ВНУ свету THE ў катэгорыі "фізічныя навукі", інфармуе БЕЛТА.
Тройку лідараў склалі навучальныя ўстановы ЗША: Прынстанскі ўніверсітэт, Масачусетскі тэхналагічны інстытут і Стэнфардскі ўніверсітэт. Агулам у спіс увайшлі 963 універсітэты свету. БДУ трапіў у групу 601-800.
THE (Physical Sciences Subject Ranking Times Higher Education) — адзін з самых аўтарытэтных і прэстыжных рэйтынгаў: ён разглядае толькі "вышэйшую лігу" (1258 універсітэтаў свету) і публікуе 11 прадметных і некалькі рэгіянальных рэйтынгаў. Фізічныя навукі аб'ядноўваюць фізіку і астраномію, матэматыку і статыстыку, хімію, геалогію і навукі аб Зямлі. Неабходнай умовай для ўдзелу ў рэйтынгу з'яўляецца наяўнасць больш як 500 публікацый па гэтых напрамках у выданнях, уключаных у рэфератыўную базу даных Scopus.
БДУ ўдалося трапіць у гэты рэйтынг дзякуючы высокаму ўзроўню навуковых даследаванняў у гэтай галіне. У прыватнасці, дапамаглі вынікі эксперыментаў, якія навукоўцы Інстытута ядзерных праблем і фізічнага факультэта БДУ ладзяць на Вялікім адронным калайдары.
На цяперашні час БДУ пакуль адзіная з айчынных ВНУ, якая стабільна ўваходзіць у асноўны рэйтынг THE.