GFK: Лондан — лепшы горад у свеце

30 верасня сталі вядомыя вынікі маштабнага даследавання, мэтай якога было вызначыць найлепшыя гарады ў свеце. Цягам двух гадоў былі апытаныя больш за пяць тысяч чалавек у Аўстраліі, Бразіліі, Кітаі, Германіі, Індыі, Расіі, Паўднёвай Карэі, ЗША і Вялікабрытаніі. У выніку быў складзены рэйтынг лепшых гарадоў свету Anholt-GFK City Brands Index, які ўзначаліў Лондан.

Выканаўчы дырэктар London & Partners (афіцыйная арганізацыя, якая займаецца прамоцыяй Лондана) Гордан Інэс каментуе вынікі:

“Гэта вельмі аўтарытэтнае даследаванне, і насамрэч добра бачыць, што гэта лепшае месца ў свеце для жыцця, працы і адпачынку не толькі для лонданцаў. Рэпутацыя Лондана з’яўляецца сапраўды глабальнай”.

Некаторыя звязваюць поспех брытанскай сталіцы з удачным правядзеннем Алімпійскіх гульняў летась. А таксама з нараджэннем каралеўскага дзіця, якое прыцягнула ўвагу ўсяго свету.

Тым часам у Францыі разбіраюцца ў прычынах “правалу”: у мінулым рэйтынгу 2 гады таму Парыж быў першым, а цяпер толькі трэці, пасля Лондана і Сіднэя. Але дырэктар па камунікацыі Парыжскага савета па турызме Франсуа Наваро знайшоў што адказаць.

Франсуа Наваро: “Адной з галоўных пераваг Парыжа над Лонданам з’яўляецца кухня. Гэта не значыць, што ў Лондане няма сваіх добрых рэстаранаў, але ў гэтых рэстаранах працуюць шэф-повары з Францыі”.

Таксама Франсуа Наваро сцвярджае, што немагчыма параўнаць шопінг у Парыжы і Лондане. Паводле яго словаў, Парыж — горад для шопінга, а Лондан — для распродажаў.

А вось чым не можа пахваліцца Парыж, дык гэта прыязнасцю людзей і бяспекай — у гэтай катэгорыі горад заняў не самыя лепшыя пазіцыі. Магчыма, гэта звязана з рэпутацыяй французскай сталіцы як цэнтра кішэннікаў. Дый эканамічна горад за апошнія гады развіваўся не вельмі, як адзначае Ксяоян Жао, віцэ-прэзідэнт і дырэктар GfK.

Ксяоян Жао: “У спісе з 50 гарадоў Парыж паказаў адзін з трох буйнейшых спадаў у Рэйтынгу патэнцыялу разам з дзвюма іншымі сталіцамі, што патрапілі ў эканамічны крызіс, — Мадрыдам і Токіа”.

Цікава, што два апошнія гарады нядаўна супернічалі адзін з адным у праве на правядзенне летняй Алімпіяды ў 2020 годзе. Цяпер вядома, што яна пройдзе ў Токіа. А на Мадрыд пасля няўдачы пасыпалася хваля крытыкі ў іспанскай прэсе. Напрыклад, буйная газета El Pais апісвае сталіцу як “брудны горад, які разлагаецца”.

Варта дадаць, што, акрамя Лондана і Парыжа, у першую дзясятку з еўрапейскіх сталіц патрапілі Рым (6-е месца) і Вена (9-е месца). 

Фота: roadsofstone.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі