Гісторык Мельнікаў пра дэкамунізацыю: “Для Беларусі гэта не падыходзіць”

Гісторык Мельнікаў пра дэкамунізацыю: “Для Беларусі гэта не падыходзіць”

Савецкія помнікі ва Украіне і Літве ці знеслі, ці адправілі ў музей. Але для Беларусі такая палітыка дэкамунізацыі — кепскі падыход. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё заявіў беларускі гісторык Ігар Мельнікаў

— Для Беларусі гэта не падыходзіць. Я буду першы, хто будзе супраць, напрыклад, ліквідацыі помніка Леніну ў Мінску на плошчы Незалежнасці, бо гэта элемент ансамблю Дома ўрада. Гэты помнік сам у сабе мае цікавую канатацыю: менавіта ён падкрэслівае даваенную савецка-польскую мяжу. Хаця Ленінаў у нас, вядома, вельмі шмат. І што тычыцца савецкіх дзеячоў, то частку гэтых помнікаў можна перанесці ў музей. Але я ні ў якім разе не кажу пра вайсковыя помнікі, якія пра гераізм жаўнераў ці нейкія гістарычныя падзеі.

А што тычыцца іншых “дзеячоў”? Напрыклад, помнік Дзяржынскаму.

— Помнік Дзяржынскаму, які стаіць у Дзяржынску, я б пакінуў — не таму, што ён мае назву мястэчка, а таму, што ён выкананы ў тым даваенным стылі, чым падкрэслівае даваенную гісторыю. 

Што я хачу сказаць? З кожным помнікам трэба разбірацца. Калі, напрыклад, помнік паставілі там, дзе ён не павінен стаяць — улеплены выпадкова, то ён там і не павінен стаяць. 

Калі ён усё-ткі мае нейкую гісторыю, то давайце спрачацца на ўзроўні гісторыкаў, камісій, грамадства. Я ўпэўнены, што, напрыклад, мая маці, якая выступае ў падтрымку беларускіх нацыянальных ідэй, не будзе выступаць супраць таго ж помніка Леніну каля Дома ўрада. 

Але навошта Ленін у Ашмянах ці Маладзечне? Якую ён ролю грае там? Няўжо нельга паставіць там помнікі нейкаму ашмянцу ці маладзечанцу?

— Усё залежыць ад таго, наколькі помнік дарэчы. Напрыклад, у Заслаўі прасоўваю і буду прасоўваць ідэю таго, што патрэбна паставіць помнік у гонар абароны Заслаўя ў 1941 годзе. Гэта павінен быць памежны слуп з даваеннай шыльдай БССР. І няхай мяне тысячы разоў называюць саўковым чалавекам, але я хачу, каб гэты помнік стаяў у памяць герояў, якія абаранялі, па сутнасці, Мінск. І гэта добра як памяць гістарычная, і гэта элемент турыстычнай прывабнасці таго ж самага Заслаўя. Але акрамя гэтага, я хачу, каб быў помнік Меткава, дзе савецкія памежнікі падчас атакі выпусцілі на немцаў службовых сабак. Сабакі загінулі, але далі магчымасць памежнікам вырвацца з атачэння.

Па словах Мельнікава, помнікі да падзеяў Другой сусветнай вайны павінны быць у Беларусі: “Гэта і гераічная, і трагічная старонка нашай гісторыі”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі