Гісторыя Беларусі ад «Дзецюкоў»: вынікі конкурсу падведзеныя

Гісторыя Беларусі ад «Дзецюкоў»: вынікі конкурсу падведзеныя

Да вырашэння лёсу прызавога квітка на сумесны канцэрт з гуртом Brutto і у варшаўскім клубе Proxima «Дзецюкі» паставіліся вельмі адказна. Самі склалі пытанні, адказы на якія павінен ведаць кожны прыстойны беларус.

За квіток разгарнулася сапраўдная бойка. Мы атрымалі 50 адказаў і амаль усе стоадсоткава правільныя. Таму лёс прызоў вырашаўся з дапамогай дадатковага паказчыка – часу. 

Першы прыз – квіток на канцэрт з візавай падтрымкай – атрымлівае Грыбчанка У.М. Другі і трэці – дыскі «Дзецюкоў» – Віталь Свішчоў і Зміцер Коржаль. Неўзабаве мы звяжамся з пераможцамі і раскажам, як можна атрымаць прызы. 

Заданні і правільныя адказы:

1. На Каменкаўскіх могілках у Варшаве пахаваны паплечнік Тадэвуша Касцюшкі, які быў кіраўніком вызвольнага паўстання 1794 года на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Ён быў абвінавачаны ў “ліцьвінскім” сепаратызме, але нягледзячы на гэта Касцюшка ўзнагародзіў яго пярсцёнкам з надпісам: "Радзіма свайму абаронцу". Хто гэта?

А) Сымон Малеўскі

Б) Юльян Нямцевіч

В) Якуб Ясінскі

Г) Міхаіл Клеафас Агінскі

 

2. У Варшаве у Нацыянальным музеі захоўваецца арыгінал карціны невядомага аўтара. На ёй адлюстраваная бітва, перамога ў якой стала падставай для святкавання “Дня беларускай вайсковай славы”. Што гэта за бітва?

А) Грунвальдская бітва

Б) Бітва пад Оршай

В) Бітва на Сініх водах

Г) Бітва пад Кірхгольмам

 

3. Іменем якога беларускага шляхціца, які нарадзіўся ў фальварку Убель, недалёка ад Смілавічаў, названая адна з зал "Вялікага тэатра — Нацыянальнай оперы" у Варшаве? Гэты шляхціц — стваральнік польскай нацыянальнай оперы, але ён меў дачыненне і да станаўлення беларускай музычнай культуры.

А) Міхаіл Клеафас Агінскі

Б) Мікола Равенскі

В) Міхаіл Казімір Агінскі

Г) Станіслаў Манюшка

 

4. Імя гэтага чалавека да сённяшняга дня выклікае супярэчлівыя эмоцыі, але з упэўненасцю можна казаць, што гэта была выбітная вайсковая асоба свайго часу. Беларускі, польскі і расійскі вайсковы дзеяч. Афіцэр кавалерыі Расійскай імператарскай арміі, генерал-маёр Белай арміі, генерал Асобнага атрада БНР, камандзір добраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі ў 1920 годзе, удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі на баку генерала Франка. Вы ўжо зразумелі, што ён мае вельмі насычаную біяграфію. Скончылася яго жыццё ў Варшаве 10 траўня 1940 года, калі ён быў забіты нямецкім патрулём. Месца яго пахавання не вядомае, але сімвалічная магіла генерала знаходзіцца на варшаўскіх Камунальных, былых вайсковых, могілках. Што ж гэта за чалавек такі?

А) Язэп Булак-Балаховіч

Б) Кастусь Езавітаў

В) Станіслаў Булак-Балаховіч

Г) Мікалай Дзямідаў

 

5. На Паўночных могілках Варшавы пахаваны беларускі вайсковы і грамадска-палітычны дзеяч, настаўнік Цімафей (Цімох) Хведашчэня. Нарадзіўся ён 9 чэрвеня 1893 года пад Лунінцом. У 1918 годзе ён узяў удзел у паўстанні, якое адбылося ў Мінску і скончылася часовым выгнаннем з беларускай сталіцы Чырвонай арміі. Пасля Цімафей Хведашчэня разам са сваімі паплечнікамі далучыўся да войскаў генерала Балаховіча, якія вялі барацьбу з бальшавікамі на Палессі. Пасля паражэння Слуцкага паўстання 1920 года ён уступіў у беларускую партызанскую арганізацыю, у якой стаў атаманам. Як называлася гэта арганізацыя?

А) "Вызвольны рух”

Б) “Зялёны дуб”

В) “Лясныя браты”

Г) “Рэвалюцыйны камітэт”

 

6. Гэты чалавек працаваў у Варшаўскім універсітэце 22 гады. Пэўны час нават быў яго рэктарам. За гэты час выдаў трохтомную манаграфію “Беларусы”. Сёння яго імя носіць Гродзенская абласная навуковая бібліятэка.

А) Браніслаў Тарашкевіч

Б) Янка Купала

В) Яўхім Карскі

Г) Францішак Аляхновіч

 

7. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве займае манументальная карціна “Грунвальдская бітва” (4,3*9,9 метра). Пабудаваная на дэталях вайсковага супрацьстаяння, выява дэманструе пераломны момант у разгортванні гераічнай бітвы, якая адбылася паміж саюзнымі войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства супраць крыжакоў. Хто аўтар гэтай карціны?

А) Юзэф Карвацкі

Б) Ян Матэйка

В) Марцін Залескі

Г) Ян Рустэм

 

8. Мы ведаем, што вызвольнае паўстанне 1863-64 гадоў на тэрыторыі Беларусі ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. А на тэрыторыі Польшчы апошнім кіраўніком Нацыянальнага ўрада ў Варшаве і фактычна дыктатарам “Студзеньскага Паўстання” быў абраны кіраўнік Кобрынскага паўстанцкага атрада. Як яго імя?

А) Міхал Андрыёлі

Б) Генрых Дмахоўскі

В) Людвік Нарбут

Г) Рамуальд Траўгут

Гісторыя Беларусі ад «Дзецюкоў»: вынікі конкурсу падведзеныя

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі