Сяргей Будкін збірае грошы на суд з мінскімі ідэолагамі
Кіраўнік TuzinFM і канцэртны арганізатар Сяргей Будкін працягвае судзіцца з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама, супрацоўнікі якога адмовіліся даць дазвол на сольны канцэрт лідара гурта Dzieciuki Алеся Дзянісава. Сталічныя ідэолагі патлумачылі рашэнне "нізкім мастацкім ўзроўнем выканання выканаўцы". Так ахарактарызаваў творчасць Алеся Дзянісава мастацкі савет пры Мінгарвыканкаме, які вывучыў тэксты песень праграмы "Кароткая гісторыя Беларусі" на вершы прызнанага паэта, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Чобата.
Каб дабіцца справядлівасці, кіраўнік TuzinFM падаў у суд на ўпраўленне ідэалогіі, але не здолеў прысутнічаць на пасяджэнні і прайграў. 20 верасня адбудзецца апеляцыйнае судовае пасяджэнне, да якога было вырашана сур’ёзна падрыхтавацца.
“Каб вырашыць гэтую справу станоўча, безумоўна, у судзе патрэбны адвакат, ― кажа Сяргей. ― І я знайшоў такога чалавека ― гэта паважаны юрыст Сяргей Зікрацкі, які пагадзіўся прадстаўляць мае інтарэсы ў судзе. Пытанне ― у аплаце паслуг. Паколькі дадзеная справа мае грамадскую важнасць, вырашыў стварыць яшчэ і прэцэдэнт у беларускім краўдфандынгу ― сабраць на юрыдычныя паслугі талакою”.
На краўдфаўндынгавай платформе Talaka.by стартаваў кароткачасовы праект па зборы сродкаў “TuzinFM vs. Ідэолагі”. За месяц трэба сабраць 975 рублёў, каб пакрыць усе неабходныя выдаткі ды аплаціць працу адваката.
Выступ Алеся Дзянісава з праграмай "Кароткая гісторыя Беларусі" на вершы паэта Алеся Чобата мусіў адбыцца 16 верасня.
“Стварыўшы прэцэдэнтную справу, пасля якой і ідэолагі, і сябры мастацкай камісіі будуць, спадзяюся, больш чулліва разглядаць заявы на канцэрт і паважаць права асобы на творчае самавыяўленне, ― кажа Сяргей Будкін. ― А там, глядзіш, і патрэба ў такіх камісіях адпадзе, а яе чальцы будуць займацца сваімі непасрэднымі абавязкамі ― кіраваць тэатрамі, канцэртнымі арганізацыямі і шоу-балетамі”.
У мастацкі савет уваходзяць сем чалавек: кіраўнік шоу-балета “Феерыя”, кіраўнікі дзяржаўных установаў “Мінскканцэрт”, “Тэатра эстрады” і “Маладзёжнага тэатра” ды тры чыноўнікі Мінгарвыканкама.