"Годзе" — гэта наш маленькі "Уліс". Brutto выпусцілі кліп з Макарам Міхалком
Brutto выпусцілі кліп на песню "Годзе". Гэта кампазіцыя з апошняга альбома "Рокі", напісаная на словы Янкі Купалы. Галоўным героем відэа стаў Макар, сын фронтмэна гурта Сяргея Міхалка.
Здымкі "Годзе" праходзілі на пляжы пад Адэсай. У відэа не шмат дзеяння, яно пабудаванае на гульні акцёраў і сімвалізме падзей. Гэта медытатыўная прытча пра жыццё і прызначэнне.
"Гэта наш маленькі, сямейны "Уліс", — тлумачыць ідэю кліпа Сяргей Міхалок. — Макарка з'явіўся на свет амаль адначасова з Brutto, і некаторыя ідэі і сэнсы калектыву з'яўляюцца для нас асабістымі, амаль сакральнымі".
Падарожнічаючы як пілігрымы па свеце, мы з Зеляй [жонка Сяргея Міхалка, акторка Святлана Зелянкоўская таксама выканала адну з роляў у новым кліпе. — Еўрарадыё] навучыліся хаваць ад старонніх хваляванне за Макара, за астатніх дзяцей, за нашу будучыню. Але ў кліпе мы пастараліся паказаць тую атмасферу, у якой мы знаходзіліся ў першыя гады станаўлення Brutto".
"Я магу слухаць песню "Годзе" бясконца. Яна настолькі шматгранная, што зняць хацелася велізарную колькасць версій. У нас атрымалася гэтая. І я вельмі рады, што мы дадалі пэўнай магіі. Спадзяюся кожны зразумее нешта важнае для сябе. Гэта фільм з адкрытым фіналам. Гэта толькі пачатак", — каментуе працу рэжысёр відэа Дзмітрый Аўдзееў.
У кліпе выкарыстана версія трэка, якая істотна адрозніваецца ад альбомнай. Аўтарам новай аранжыроўкі стаў украінскі кампазітар Раман Грыгор'еў, вядомы па працы над операй IYOV.