Гледачы на “Басовішчы-2008”: “Тлу-ма-чэн-няў!”

На “Басовішчы-2008”, як заўсёды, лунаў фестывальна-рокавы настрой і адчуванне агульнага сяброўства. Аднак заўважна зменшылася колькасць наведвальнікаў, ахова забараняла высока ўздымаць бел-чырвона-белыя сцягі, а асноўным хэдлайнерам не далі выйсці на “біс”. 18-19 ліпеня ў польскім Гарадку адбыўся 19-ты па ліку фестываль маладой беларускай музыкі "Басовішча-2008". Сёлета мерапрыемства наведала каля пяці тысяч гледачоў, а на сцэне зайграла больш за 20 гуртоў.

Падчас фэсту ўжо традыцыйны вядучы «Басовішчаў» музыка і журналіст Аляксандр Памідораў падзяліўся з Еўрарадыё сваім агульным стаўленнем да «басоў»:

Аляксандр Памідораў: «На жаль, калі мець на ўвазе менавіта беларускамоўны фармат і падыход, гэта адзіны беларускі рок-фестываль, які, дарэчы, праходзіць за межамі Беларусі. Гэта вельмі адказная рэч, гэта традыцыя, і гэта тое, з чаго шмат у чым пачыналася беларуская незалежнасць».

Але, нягледзячы на выдатную працу гуртоў на сцэне, фестываль заўважна губляе гледачоў і ўсё часцей выклікае незадаволенасць саміх выступоўцаў.

Напрыклад, вакаліст IQ48 Аляксандр Ракавец, які акрамя выступу ў якасці асноўнага хэдлайнера «Басовішча-2008» быў яшчэ і вядучым 2-га дня, адзначыў, што атмасфера засталася, але фэст стаў менш прафесійным:

Аляксандр Ракавец: «У гэтым годзе, мне здаецца, крышачку інакш гэта ўсё атрымалася. Па падачы ды атмасферы ўсё застаецца на такім жа ўзроўні, але стала не тое што на непрафесійным узроўні, але ніжэй крыху... Па-другое, людзей менш, але гэта праблема з візамі».

Дарэчы, за нейкі час перад фэстам арганізатары паабяцалі, што зробяць бясплатныя візы ўсім беларусам, якія пажадаюць паехаць на Басовішча і дашлюць заяўкі ў вызначаны тэрмін. Але, як стала вядома, візы атрымала прыкладна толькі палова жадаючых. Менавіта гэта і стала адной з прычынаў таго, што беларусаў на сёлетнім фэсце паменшала.

Зазналі візавыя праблемы і ўдзельнікі конкурсу, з-за чаго да фестывалю даехалі толькі 6 з 9 гуртоў. Складана сказаць, хто вінаваты ў тым, што музыкі не атрымалі візы. Напрыклад, не атрымаў візу гурт Znich. Арганізатары патлумачылі гэта тым, што музыкі не даслалі неабходныя дакументы ў час, а «знічы» да апошняга думалі, што ўсё нармальна і яны едуць...

Што ж датычыць вынікаў конкурснай часткі сёлетніх «басоў», то сярод музыкаў і журналістаў існуюць розныя думкі. Адны згодныя з размеркаваннем прызавых месцаў, іншыя – не, а трэція ўвогуле не разумеюць, якім чынам большасць з гуртоў-канкурсантаў патрапілі на фэст.

Віталь Шум, прадзюсар гурта «Глюкі», які заняў 3-е месца, падзяліўся сваім поглядам на вынікі сёлетняга конкурсу:

Віталь Шум: «Усё аб'ектыўна, нармальна. Трэцяе месца — гэта тое, чаго ўчора заслугоўваў выступ гурта «Глюкі». Ужо сёння, калі я глядзеў выступ лаўрэатаў, то мне падалося, што мы заслугоўваем большага. Але мы не дзеля прыза ехалі, мы ехалі выступаць і паказацца на публіцы».

Такім чынам, першымі ў конкурсе сёлетніх «басоў» сталі Tlusta Lusta з Гродна, другое месца дасталася гурту “Spita/\ь F” з Мінску і трэцяе – магілёўскаму калектыву «Глюкі».

Сёлетняе «Басовішча» адзначылася і даволі гучнымі негатыўнымі падзеямі, якія выклікалі непаразуменне як музыкаў, так і наведвальнікаў.

Перад пачаткам жывой трансляцыі тэлеканала "Белсат" ахова фэсту пачала вырываць з рук публікі дзяржальны, на якіх трымаліся бел-чырвона-белыя сцягі, — нібыта гэта замінала аператарам здымаць фэст. Відовішча нагадвала разгон мітынгу на Кастрычніцкай плошчы, таму нездарма афіцыйная частка цырымоніі ўзнагароджання канкурсантаў пачалася крыкамі "Ганьба!"

Калі ж уручаць узнагароды выйшла дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская і запытала прысутных, чаму нідзе не відаць сцягоў, гледачы адказалі агульным выкрыкам "Тлумачэнняў!" На сцэне не разумелі, што адбываецца, а таму першыя хвілін 15 там панавала поўная разгубленасць.

Нягледзячы на інцыдэнт, праз некаторы час на фэсце зноў завалодала традыцыйная музычна-рокавая атмасфера. Кропку ў «Басовішчы-2008» паставіў выступ гурта IQ48. Дакладней, не выступ, а арганізатарская памылка.

З-за таго, што папярэднія перад «ласямі» выступоўцы перавысілі дазволены час амаль на паўгадзіны, афіцыйныя хэдлайнеры не паспелі дайграць запланаваную праграму... Ці трэба дадаваць, што ім не дазволілі выйсці нават на "біс"! Публіка патрабавала з'яўлення "лосяў" на сцэне і нават не падтрымала покліч "Жыве Беларусь!" з вуснаў вядоўцы Аляксандра Памідорава.

У выніку IQ48 сыйшлі са сцэны здзіўленыя, гледачы разыходзіліся таксама не разумеючы што да чаго, а фестываль «Басовішча» атрымаў яшчэ адну хібу ў сваёй гісторыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі