Глядзець ці не глядзець? Як пайсці на "Арт-Мінск" і пазбегнуць пачуцця віны

Глядзець ці не глядзець? / калаж Еўрарадыё
Глядзець ці не глядзець? / калаж Еўрарадыё

На фестывалі "Арт-Мінск" сёлета свае работы выставілі 229 аўтараў. Летась іх было ў паўтара раза больш, а гледачоў — менш.

Мастацтвазнаўца Мікіта Моніч, які водзіць экскурсіі па выставе, бачыць у такой раптоўнай цікавасці беларусаў да беларускага ж мастацтва вынік і кавід-абмежаванняў, і палітычнай сітуацыі. Цікавасць да жыцця краіны не праходзіць бясследна і непазбежна прыводзіць да цікавасці да яе мастацтва.

Смотреть или не смотреть? Как пойти на "Арт-Минск" и избежать чувства вины
Палац мастацтва / Еўрарадыё

Але мастак Руслан Вашкевіч, калі сёлета да яго звяртаюцца па каментары пра "Арт-Мінск", рэкамендуе задаваць такія пытанні іншаму беларускаму мастаку — Алесю Пушкіну. Паўгода таму ў дачыненні да Пушкіна распачалі крымінальную справу. Прычына — ён выставіў у Гродне партрэт Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы. Пракуратура Гродна распачала ў дачыненні да Пушкіна крымінальную справу "за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму".

І гэта адзіны магчымы каментар па матывах "Арт-Мінск", лічыць Вашкевіч.

Еўрарадыё паразмаўляла з Мікітам Монічам пра тэрапеўтычную функцыю мастацтва і пра тое, чаму важна захаваць не толькі мастацтва, але і арт-рынак. Мы і так занадта многіх губляем, кажа Мікіта.

Мы звярнуліся з пытаннямі і да Руслана Вашкевіча. А ён расказаў, якія пытанні на самай справе трэба задаваць — мастакам і сабе.

 

Руслан Вашкевіч: "Працягваць задаваць сабе і іншым пытанні"

Ужо другі раз выстава ў Палацы мастацтва адкрывалася без Віктара Бабарыкі. Яна праходзіць быццам бы занадта спакойна і "як нічога і не было". З іншага боку, паверхам вышэй вісіць суцінская "Ева". Яе выгляд таксама даволі спакойны і абыякавы да падзей за межамі Палаца мастацтва.

Смотреть или не смотреть? Как пойти на "Арт-Минск" и избежать чувства вины
"Арт-Мінск" / Еўрарадыё

Руслан Вашкевіч просіць не звяртацца да яго па кампліментарныя выказванні пра "Арт-Мінск" і перанакіроўвае да тых мастакоў, якія там выстаўляюцца. Мы запэўніваем Руслана, што кампліментарных выказванняў нам не трэба. І просім расказаць, як жыць: ці можа горад дазволіць сабе культурнае жыццё? У чым цяпер задача мастака: што казаць і як гэта сваё выказванне даносіць?

— Атрымаўшы вашы пытанні, я, як ні дзіўна, узрадаваўся, таму што ўбачыў, як дакладна ўсе мы разумеем праблемнае поле нашай рэчаіснасці, як беспамылкова апісваем ачаг паражэння.

Правільныя пытанні працуюць вастрэй, больш прынцыпова, больш жорстка за ўсякія хай і разумныя, але заўсёды суб'ектыўныя адказы. Наша новая рэчаіснасць фармуецца менавіта з нязручных лабавых пытанняў.

І гэтыя пытанні кожны ўдакладняе для сябе сам. Свядомае жыццё (і не толькі ў мастацтве) цяпер залежыць менавіта ад глыбіні пытальных знакаў ва ўласным унутраным тэксце.

І рэч зусім не ў інструменце самавыяўлення, не ў спекуляцыях на моманце, не ў мастацкай ілюстрацыі таго, што адбываецца, не ў недарэчнасці "Арт-Мінска", не ў закрытых галерэях, тэатрах і незалежных пляцоўках, а ў прасторы і часе, якія схлопнуліся ў галаве ў гледача.

І напэўна, цяпер можна і трэба дакументаваць, архіваваць, асэнсоўваць тое, што адбываецца, утрымліваць уласную пазіцыю, акумуляваць смеласць і веру, зусім дакладна, што цяпер час не пра асабістыя амбіцыі, і таму неабходна ссоўваць цэнтр увагі з сябе на супольнасць, на блізкіх, на далёкіх, на грамадства.

Таму адзіна правільным я лічу працягваць задаваць сабе і іншым пытанні:

— Як накіравана інвеставаць свой творчы патэнцыял у перамогу новай будучыні?

— Байкот супрацоўніцтва незалежнай культуры з цяперашняй дзяржавай або свядомае ўбудоўванне ў сістэмныя інстытуцыі з мэтай іх трансфармацыі?

— Як можа выглядаць план рэканструкцыі будучыні? Што варта назаўжды пакінуць у дарэвалюцыйнай культуры Беларусі?

— Якая доўгатэрміновая мэта ў культуры здольная падсумаваць у сабе дасягненні і перамогі грамадзянскай супольнасці Беларусі? У што заўтра нам трэба будзе канвертаваць дух свабоды і рамантыку народнай рэвалюцыі?

— Як мастаку ў любыя часы заставацца крытычным да рэчаіснасці? Якім мы хочам бачыць заўтрашні дзень?

Ужо год мы з маёй напарніцай Алінай Саўчанка задаёмся падобнымі пытаннямі, застылымі ў паветры, прысвяціўшы гэтым разважанням цэлае культурнае даследаванне.

У нашым праекце прыняло ўдзел больш за 30 экспертаў ад культуры, мастацтва, філасофіі і іншых сфер, якія не церпяць сённяшняй дэградацыі і хаосу.

Давайце разам адказваць на гэтыя пытанні.

 

Мікіта Моніч: "Мы і так занадта многіх губляем"

Квіткі на экскурсіі Мікіты па "Арт-Мінску" размялі "за няпоўны светлавы дзень". І на гэтых экскурсіях цяпер шмат новых твараў.

"А вы бывалі тут раней?" Гэтае пытанне Мікіта задае і паверхам вышэй, у галерэі "Арт-Беларусь", дзе на тое, што адбываецца, па-ранейшаму з лёгкай незадаволенасцю на твары глядзіць суцінская Ева. "Бывалых" — адзін з дзесяці. Мінулы год зусім дакладна прымусіў беларусаў зацікавіцца нацыянальным мастацтвам.

Смотреть или не смотреть? Как пойти на "Арт-Минск" и избежать чувства вины
Ганна Сілівончык, "Самаізаляцыя" / Еўрарадыё

— Мастакі назіраюць тую самую рэальнасць, што і мы. А значыць, "Арт-Мінск" становіцца не толькі пляцоўкай для дэманстрацыі карцін, але ў першую чаргу пляцоўкай для дыялогу, на якой глядач гаворыць сам з сабой, з часам, з тым, з кім прыйшоў на выставу, — праз твор.

Мастацтва важнае сваёй тэрапеўтычнай функцыяй. Гэта адносна бяспечная прастора, гэта прастора рэфлексіі. Мастацтва можа падтрымаць, можа нешта падказаць, нават калі аўтар, ствараючы твор, не закладваў сэнсаў, якія вы ўбачыце: бо мы глядзім на карціну ўласнымі вачыма, думаючы над уласнымі пытаннямі. І карціна можа стаць адказам, калі мастацкая мова аўтара блізкая нам.

"Арт-Мінск" — гэта паказчык таго, што робяць мастакі, графікі, жывапісцы, скульптары проста цяпер. Дакладней, у асноўным гэта мастачкі, скульптурэсы. Усё-ткі ў нашай культуры жаночы твар.

Смотреть или не смотреть? Как пойти на "Арт-Минск" и избежать чувства вины
Алеся Скарабагатая, "Смак мора II" / Еўрарадыё

І такіх падзей, як "Арт-Мінск", павінна быць больш, таму што культура такая ўразлівая да крызісаў. Так, у момант змены, стрэсу часта з'яўляюцца магутныя творы, а часам і шэдэўры, якія пазней уваходзяць у гісторыю нацыянальнага мастацтва. Але для нармальнага існавання арт-рынку неабходны спакой і дабрабыт. Гэта не тыя станы, якія мы цяпер перажываем. Але чаму праз стрэс мы павінны паставіць на паўзу існаванне культуры?

Смотреть или не смотреть? Как пойти на "Арт-Минск" и избежать чувства вины
Пётр Кузьміч, з серыі "Вобразы" / Еўрарадыё

А яна ж працягвае існаваць: нікуды не зніклі ні тыя, хто яе творыць, ні тыя, хто яе спажывае. Успомніце пастаянныя пасылы людзей, якія цяпер знаходзяцца ў няволі: Паўла Севярынца, Эдуарда і Віктара Дзмітрыевіча Бабарыкаў. Яны раз за разам кажуць: не страчвайце прысутнасці духу, працягвайце жыць максімальна поўным жыццём.

Радавацца паходу на мастацкую выставу або ўдзелу ў ёй — не значыць абясцэніць пакуты іншага чалавека, гэта значыць не здацца гэтым пакутам, мець патрэбу ў пошуку новых сіл, якія ёсць да чаго ўжываць.

Што здарыцца, калі паставіць культуру на паўзу? У мастачкі Надзеі Леановіч ёсць выдатныя работы, у якіх яна фіксуе Мінск. А цяпер у яе фэйсбуку з'яўляюцца цудоўныя работы, на якіх намаляваны Пецярбург. Мінск яна бачыць вачыма вельмі сур'ёзнага назіральніка, які разумее, як усё тут уладкавана да самага донца. Але калі яе быццё тут як мастака паставіць на паўзу, у нейкі момант у яе работах з Піцерам з'явіцца тая глыбіня, якая цяпер ёсць у мінскіх работах.

А гэта значыць, што наш горад страціць свайго захавальніка, які вельмі таленавіта фіксуе асяроддзе. Чым застанецца горад праз 50 гадоў? Ён застанецца зафіксаваны толькі ў творах мастацтва і фотаздымках. Страціць чалавека, які таленавіта фіксуе сучаснасць, — гэта праблема. Такога нельга дапускаць.

Мы і так занадта шмат губляем.

Задаваць нязручныя пытанні сабе і адно аднаму з відам на экспазіцыю "Арт-Мінска" можна да 26 верасня. Цэнтральная пляцоўка выставы — залы Палаца мастацтва па адрасе Казлова, 3. Задзейнічаны і іншыя выставачныя пляцоўкі — Нацыянальная бібліятэка, прастора "Арт-Фабрыка", галерэя "Мастацтва", галерэя DK і іншыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі