Голубеў: Парламент у Беларусі знішчылі 16 гадоў таму

Нагадаем, група дэпутатаў з апазіцыі БНФ пратэставала супраць абвяшчэння рэферэндума пра змену дзяржаўнай сімволікі і статус беларускай мовы. На думку Голубева, тагачаснага дэпутата Вярхоўнага Савета, тая парламенцкая галадоўка паўплывала на лёс нашай краіны.

Голубеў: “Тады галадоўка ў Вярхоўным Савеце была аб'яўлена не супраць прызначанага рэферэндума яшчэ, а супраць спробы вынесці на рэферэндум тыя пытанні. Як мы лічылі, нельга было іх выносіць, бо сам закон не дазваляў іх выносіць – гэта пытанні аб дзяржаўнай сімволіцы, аб дзяржаўнай мове і даўно ўжо забылі, што галоўнае пытанне было аб праве прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет. Калі пачаўся ціск на дэпутацкую большасць, каб прыняць тыя пытанні, якія прапаноўваў Аляксандр Лукашэнка, нам нічога не заставалася, як пайсці на такую скрайнюю меру і абвесціць галадоўку”.

Спярша галадоўшчыкаў спрабавалі ўгаварыць прадстаўнікі КДБ. Яны прыйшлі ў залу Вярхоўнага Савета, згадвае Голубеў, і пагражалі дэпутатам, змушалі спыніць галадоўку.

Голубеў: “А потым брутальна недзе ў гадзіну ночы ў залу паседжання Вярхоўнага Савета ўварваліся спецназаўцы ў масках, якія проста пачалі збіваць дэпутатаў у зале паседжання. Затым нам заламалі рукі, адмяцелілі дубінкамі і вывезлі ў розныя мясціны Мінску. На наступны дзень пракуратура РБ завяла крымінальную справу супраць факту збіцця дэпутатаў. Але потым нехта з Адміністрацыі прэзідэнта скраў усе матэрыялы. Усё, што адбывалася тады ў зале паседжанняў... На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўсё запісвалася на некалькі відэакамер, і нават абяцаў гэтыя кадры паказаць. Але так і не вырашыўся паказаць факты збіцця дэпутатаў, прапалі потым гэтыя плёнкі ў Адміністрацыі прэзідэнта".

На думку Голубева, гэтай акцыяй новаабраны прэзідэнт знішчыў парламент у Беларусі і пасля гэтага свабодных выбараў у нашай краіне больш не было.

Як мяркуе гісторык, падзеі 16-гадовай даўніны і 19 снежня мінулага года – гэта з'явы аднаго ўзроўню. Яны дэманструюць ігнараванне законнасці і Канстытуцыі.

Фота: charter97.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі