Гомельскія энергетыкі атрымалі заданне "вылічаць дрэвы"
Кіраўнік вобласці паабяцаў штотыднёвы кантроль за тым, як энергетыкі "змагаюцца" з дрэвамі
Гомельскія энергетыкі атрымалі заданне "вылічаць дрэвы, якія пагражаюць бесперабойнай падачы электраэнергіі". Прагучала гэта ў панядзелак на нарадзе ў аблвыканкаме.
"Сетка павінна быць бяспечнай, — гаварыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. — ...Зімой павінна быць праведзена сур'ёзная работа па іх выдаленні ў рамках тэхабслугоўвання, асабліва ў малых населеных пунктах, дзе пражывае невялікая колькасць людзей".
Кіраўнік вобласці паабяцаў штотыднёвы кантроль за тым, як энергетыкі "змагаюцца" з дрэвамі.
Улады вырашылі папярэдзіць сітуацыю, калі дрэвы зноў пашкодзяць паветраныя лініі электраперадачы, як адбылося сёлета падчас урагану. Пры гэтым на нарадзе было паведамлена, што энергетыкі штогод аглядаюць лініі і выяўляюць патэнцыйна небяспечныя дрэвы. У сярэднім супрацоўнікі "Гомельэнерга" абразаюць 4500 дрэваў, мясцовыя ж улады выдаляюць іх не менш за 1500.
Падчас урагану, які прайшоў па поўдні Беларусі 14 ліпеня пацярпелі сотні населеных пунктаў. Статысячны Мазыр на некалькі дзён застаўся без святла і вады. Для часовага энергазабеспячэння населеных пунктаў, якія заставаліся без святла, у рэгіён падвозілі перасовачныя дызель-генератары з іншых абласцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.