Google выбачыўся перад цемнаскурым хлопцам, якога назваў “гарылай”
Афраамерыканскі праграміст са сваім сэлфі выпадкова трапіў у адну катэгорыю разам з жывёламі.
Кампанія Google прынесла прабачэнні цемнаскураму карыстальніку, які паскардзіўся, што дадатак Google Photos аўтаматычна стварыў калекцыю “гарылы” для яго здымкаў з дзяўчынай. Фотаархіў Google умее з дапамогай спецыяльнага праграмнага забеспячэння распазнаваць, што выяўленае на загружаных у сістэма фотаздымках і аўтаматычна сартуе фота па катэгорыях.
Навіна пра інцыдэнт з нью-йоркскім праграмістам Джэкі Элсінам з’явілася ў сераду. Малады чалавек сам распавёў пра яго ў сваім Твітэры. Карыстальнікі сацыяльных сетак імгненна абвінавацілі Google у расізме і кампанія вымушаная была прынесці свае прабачэнні.
Цяпер спецыялісты кампаніі працуюць над алгарытмам адбору выяваў і спрабуюць дамагчыся лепшага распазнавання людзей з цёмным колерам скуры, перадае ВВС.