Грамадскія абмеркаванні генплана Мінска: Што знясуць, а што пабудуюць

Грамадскія абмеркаванні генплана Мінска: Што знясуць, а што пабудуюць

Будынак прадпрыемства “Мінскград” штодзень наведваюць дзясяткі мінчан – да 5 лістапада тут з 14.00 адбываюцца грамадскія абмеркаванні новага Генплана Мінска.  Негледзячы на тое, што архітэктары горада прэзентавалі будучую транспартную забудову,  размеркавалі зоны адпачынкаў, улічваючы экалагічны стан горада, галоўнае пытанне, якое задаюць мінчукі – “Ці будуць зносіць мой дом?”

На сустрэчу прыходзяць спецыялісты “Мінскграда”,  а таксама жыхары сядзібных участкаў.

“У нас вуліца Лібава−Роменская. Нас амаль не прадалі інвестару, але потым ён ад нас адмовіўся. Нас ці забіце, ці дайце жыць!”, − жыхары дамоў на вуліцы Лібава−Роменскай, што знаходзіцца ў цэнтры сталіцы, хочуць дабіцца, ці будуць знесеныя іх дамы і калі. Жыхары прыходзяць на сустрэчу не першы дзень – раней з−за наплыву яны не змаглі задаць пытанні. Галоўны архітэктар “Мінскграда” Зоя Забароўская з адной назвы вуліцы прыпамінае, як выглядаюць дамы, дзе дом згарэў, а дзе - пад офіс. Яна абяцае хуткую сустрэчу з жыхарамі вуліцы на грамадскія абмеркаванні забудовы раёна. Папярэджвае: будуць зносіць і вельмі хутка.

Грамадскія абмеркаванні генплана Мінска: Што знясуць, а што пабудуюць

“Дом на вуліцы Украінскай, 25. Некалькі дамоў знеслі і ўсё. Нас будуць зносіць?” − яшчэ адное пытанне ад мінчанкі. Яна не мае аніякіх уведамленняў, але на схеме змяненняў тэрыторыі сядзібных участкаў на 1964−2030 год яе дом падпадае пад знос.

“Украінская, 25… Гэта асабліва каштоўная зона горада. Вы ідзяце пад знос, але калі, дакладна не скажу – у раёне (адміністрацыі раёна – заўвага Еўрарадыё) дакладна будуць ведаць. Але зноў жа – за ручку інвестараў я не ваджу”, − кажа Зоя Забароўская.

Каб распавесці, як прыкладна будзе развівацца горад і дзе будуць зносіцца прыватныя дамы, архітэктар паказвае прыкладную схему зносу дамоў – тут адлюстраваны знос і зберажэнне тэрыторыі з 1964 года і да 2030 (гл. фота)

Грамадскія абмеркаванні генплана Мінска: Што знясуць, а што пабудуюць
Чырвоным колерам пазначана, якія дамы будуць зносіць з 2014 да 2030 года, аранжавым колерам - дамы, якія былі знесеныя з 1964 года, а жоўтым колерам абазначаны тыя дамы, якія будуць захаваныя

“Вось гэтыя дамы будуць знесеныя, а гэтыя, пазначаныя жоўтым, будуць захаваны”, − кажа спецыяліст.

Гляджу схему і разумею, што прысядзібная забудова ў раёне Драздоў, Даўгабродскай будзе захаваная, а прыватныя дамы на Аўтазаводзе 100% пойдуць пад знос да 2030 года.

Грамадскія абмеркаванні генплана Мінска: Што знясуць, а што пабудуюць

Прапановы, а больш скаргі, жыхары пакідаюць у кнізе прапаноў:

“Катэгарычна супраць зносу сядзібнага ўчастка ў Сельгаспасёлку. Мы дарослыя, вучым дзяцей не разбураць гнёзды птушак, а самі разбураем радавыя гнёзды людзей, нажываючы ворагаў, растоптваючы лепшае ў жыцці. Наш сябра ў 50 гадоў заплаціў жыццём за знос свайго катэджа ў раёне вуліцы Маякоўскага, дзе будуюць пенаты невядома для каго!”, - такія паэтычныя скаргі пішуць людзі ў кнізе прапаноў.

“Прашу перагледзець у Генплане праект забудовы зялёных зон – не будуйце на парках горада! Не ператварайце Мінск у мегаполіс, у другую Маскву!”

“Мой дом ідзе пад знос, але інвестара няма. Што далей?” – такія пытанні агучваюць людзі ў кнізе скаргаў і прапаноў.

Такіх скаргаў зашмат – людзі дзесяцігоддзямі чакаюць зносу дамоў, не могуць паклеіць шпалеры ці зрабіць прыбудову, каб размясціць усіх членаў сям'і. Але не могуць атрымаць пытанне, ці будзе знесены іх дом! 

Грамадскія абмеркаванні генплана Мінска: Што знясуць, а што пабудуюць

Што будзе на месцы будынка музея Вялікай Айчыннай вайны?

Будынак музея Вялікай Айчыннай вайны, нагадаем, пачалі зносіць, не прыбраўшы партрэты герояў вайны. Партрэты віселі на будынку ў той час, калі бульдозеры пачалі рушыць сцены. 

Галоўны архітэктар Аляксандр Акеньцьеў кажа, што ў Мінгарвыканкаме ляжцыць маса праектаў. Зараз задача - добраўпарадкаваць месца будынка, каб яно не пагражала людзям. А што будзе на месцы музея - не вядома. 

Зараз у Мінску жыве каля 72 тысяч мінчукоў у прыватных дамах.

“70% забудовы мы зберагаем. Але над 20 тысячамі жыхароў пагроза зносу ў бліжэйшыя гады навісае”, − кажа Аляксандр Акеньцьеў. Ён выступае за тое, каб перагледзець сістэму кампенсацыі ды арганізацыю зносу дамоў. Тады мінчукі будуць адносіцца да зносу дамоў больш мякка.

“Вастрыню і боль, з якімі да нас прыходзяць мінчукі, немагчыма перадаць. Я сам сабе задаю гэтае пытанне, мы вельмі балюча рэагуем на ўсе гэтыя зносы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі