Грамадзяніна Турцыі асудзілі ў Віцебску за забойства грамадзянкі Бангладэш
Віцебскі абласны суд асудзіў грамадзяніна Турцыі за жорсткае забойства жанчыны з Бангладэш, інфармуе БЕЛТА.
Забойства адбылося 6 лютага ў пункце часовага пасялення бежанцаў у Віцебску. Мужчына з асаблівай жорсткасцю ударыў жанчыну не менш за 15 разоў. Пасля гэтага ён задушыў яе рукамі і шалікам.
Потым мужчына незаконна забраўся ў жылы пакой пацярпелай, узяў яе маёмасць і грошы на агульную суму не менш за 467 рублёў. Труп ён выкінуў праз акно на вуліцу, а потым схаваў у водапрапускной трубе. Там яго і знайшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Падсудны не прызнаў сваёй віны. Суд прызнаў яго вінаватым у разбоі, учыненым з пранікненнем у жыллё, прычыненнем цяжкага цялеснага пашкоджання, а таксама ў забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю, спалучаным з разбоем. Яму прызначылі 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаным законам парадку.