Гран-пры фэсту мабільнага кіно velcom Smartfilm заваявала беларуская стужка
Беларускі фільм "Перыферыя" атрымаў Гран-пры фестывалю мабільнага кіно velcom Smartfilm, паведамляе Радыё "Свабода". Рэжысёркай фільма выступіла Варвара Шчука. Стужка складаецца з маналога маладога чалавека пра шэрае жыццё ў маленькім правінцыйным гарадку.
Агулам на конкурсную праграму восьмага Міжнароднага фестывалю мабільнага кіно velcom Smartfilm было пададзена 334 працы з 61 краіны свету.
У шорт-ліст, складзены прафесійным журы, тры фільмы з дзесяці былі знятыя беларусамі: "Перыферыя" Варвары Шчукі, "Спакуса" Валерыя Арцем'ева і "Цела" Юрыя Сямашкі. За некалькі дзён да фіналу ў шорт-ліст дадалі яшчэ адну стужку фільм "Эфект молі" беларускага рэжысёра Аляксея Чарныша.
У выніку першае месца атрымаў фільм "Падводны лес" (Gwylvos; Forests Beneath the Waves) англійскага рэжысёра Мэта Бігса. На другім месцы апынуўся прадстаўнік Ганконга Вонг Хоі са стужкай "Санаціна", а фільм "Спакуса" беларуса Валерыя Арцем'ева заняў трэцяе месца.
Прыз генеральнага партнёра — кампаніі Huawei — атрымаў фільм таксама нашага суайчынніка Андрэя Чарныша "Эфект молі".
Узнагарода за найлепшы сцэнар дасталася калумбійцу Фрэнку Бэнітэзу за гульнявы фільм "Уцекачы". Найлепшым біяграфічным фільмам была названая стужка "Радыё" Ахмета Алама з Егіпта.
Прыз народнага журы быў уручаны расійскаму фільму "Падарожжа" Арыны Салахутдзінавай.