Гродзенец скраў 106 порцый марозіва — проста захацеў паесці
Гродзенцу захацелася з'есці больш за 100 порцый марозіва / pixabay.com
У Гродне мужчына скраў 106 порцый марозіва, піша "Гродзенская праўда".
Здарэнне адбылося ўначы 23 траўня. Невядомы скраў марозіва з халадзільнага апарата, размешчанага каля гандлёвага павільёна ў цэнтры горада, на Савецкай плошчы. Крадзеж яму аблягчыла няспраўнасць замка халадзільніка. Агульная сума шкоды склала больш за 400 рублёў.
Выявіўшы прапажу тавару, уладальнік звярнуўся ў міліцыю. Міліцыянты знайшлі выкрадальніка — 56-гадовага мясцовага жыхара. Мужчына заявіў, што проста хацеў паесці марозіва, але нікому не планаваў яго прадаваць.
Выявілася, што раней гродзенца неаднаразова прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за маёмасныя злачынствы. Ён не мае сталага месца жыхарства, нідзе не працуе. Следчыя пачалі на яго крымінальную справу па ч. 2 арт.205 (крадзеж, здзейснены паўторна) Крымінальнага кодэкса.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.