Гродзенскі суд за бел-чырвона-белы "пікет у інтэрнэце" не адбыўся

Гродзенскі суд за бел-чырвона-белы "пікет у інтэрнэце" не адбыўся

У судзе Ленінскага раёна Гродна 30 траўня завяршыўся працэс за "пікет у інтэрнэце" з бел-чырвона-белымі сцягамі. Суддзя Руслан Гурын спыніў адміністратыўную справу за адсутнасцю складу правапарушэння, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Як паведамлялася раней, гродзенцы Сяргей і Вольга Верамеенкі размясцілі ў сацсетках свае фотаздымкі з бел-чырвона-белым сцягам на фоне гарадскіх пейзажаў. Фота суправаджаліся подпісамі "Такі самы, як Васіль". Такім чынам гродзенцы падтрымалі гамельчука Васіля Палякова, асуджанага на 15 сутак за ўзняты нацыянальны сцяг. За гэта міліцыянты склалі на гродзенцаў пратакол з абвінавачаннямі ў незаконным пікеце. 

На папярэднім пасяджэнні 25 траўня міліцыянт-сведка заявіў у судзе, што пікет быў праведзены ў інтэрнэце. Адказчык Сяргей Верамеенка заявіў хадайніцтва, каб суд дапытаў як сведку ўчастковага Уладзiмiра Казлоўскага, якi складаў пратакол правапарушэння. Аднак гэты сведка на разгляд адміністратыўнай справы так і не з’явіўся. Суддзя вырашыў не выклікаць яго дадаткова і спыніў справу. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі