Гродзенскія памежнікі з ужываннем зброі затрымалі кантрабандыстаў
Памежнікі заставы "Сонічы" ў Гродзенскім раёне з ужываннем зброі затрымалі кантрабандыстаў, якія везлі ў Літву буйную партыю цыгарэтаў, паведамляе сайт Дзяржаўнага памежнага камітэта.
У раёне населенага пункту Лясная яны пабачылі аўтамабіль Mersedes без гаспадара. Мікрааўтобус быў "пад завязку" забіты цыгарэтамі. У салоне аўто выявілі амаль 23 тысячы пачкаў беларускіх цыгарэтаў. У той жа дзень затрымалі і ўладальніка аўто — 23-гадовага грамадзяніна Беларусі, які пастаянна жыве ў Польшчы.
Падчас далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў на адной з дарог Гродзенскага раёна памежнікі спрабавалі спыніць "Фольксваген". Але кіроўца паспрабаваў уцячы. Падчас пераследу памежнікі былі вымушаныя ўжыць табельную зброю, каб спыніць уцекача.
Пачуўшы папераджальныя стрэлы ў паветра кіроўца — 25-гадовы жыхар Гродзенскага раёна спыніў аўтамабіль. У салоне машыны знайшлі каля 12,5 тысячы пачкаў цыгарэт, упакаваных у поліэтыленавую плёнку.
Агульная сума затрыманых цыгарэтаў — больш за 37 тысяч рублёў, кошт аўтамабіляў яшчэ ацэньваецца.
На затрыманых пачатыя адміністрацыйныя справы за замах на парушэнне дзяржмяжы і парушэнне памежнага рэжыму. Таксама маладым людзям пагражае адказнасць за парушэнне падатковага і мытнага заканадаўства.