Гродзенскія таксісты пратэстуюць супраць тэрміналаў для банкаўскіх картак
У панядзелак, 21 сакавіка, некалькі дзясяткаў таксістаў сабраліся на плошчы Леніна ў Гродне, каб падаць асабістыя заявы ды сабраныя подпісы ў аблвыканкам. Прычынай незадаволенасці сталі новыя нормы, якія прадугледжваюць абавязковую ўстаноўку СКПО (сродкаў кантролю падатковых органаў) і тэрміналаў для банкаўскіх карт у машынах.
“Гэтай заявай мы хочам прапанаваць людзям звярнуцца да ўладаў, сказаць, што гэта проста непрымальна, — тлумачыць адзін з аўтараў ініцыятывы, кіроўца Сяргей Верамеенка, — Нават калі яны хочуць нейкім спосабам кантраляваць нас па-новаму, мы не ў стане аплаціць гэтыя іх памкненні. Хочам сказаць: самі прыдумалі — самі і аплачвайце!”.
Яшчэ адна прычына — неадэкватныя, як лічаць таксісты, кошты на тэрміналы, якія ім навязваюць. За мяжой, маўляў, апараты можна купіць значна танней. Таму да кожнага звароту яны далучаюць яшчэ і раздрукоўкі з польскіх інтэрнэт-крам ды аукцыёнаў для параўнання коштаў.
“Мы прапанавалі альтэрнатыву тэрміналам, якія прадаюцца ў нас, — працягвае Верамеенка, — У нас прадаюцца тэрміналы расійскай вытворчасці: самы танны, які не выдае чэкі, каштуе чатыры мільёны. Але ёсць польскі аналаг каштуе каля 110 тысяч! Калі ўзяць больш дарагі, які каштуе 10 мільёнаў, дык яго аналаг у Польшчы абыдзецца прыкладна ў 790 тысяч. Уся праблема — увесці яго ў рэестр”.
Дакладную колькасць таксістаў у Гродне вызначыць цяжка. Але толькі па ўнутраным “карпаратыўным” радыё камунікуе каля тысячы чалавек. Агулам лічыцца, што кіроўцаў па горадзе ездзіць некалькі тысяч. Па ўсіх гэтых людзях новыя правілы б’юць даволі моцна.
“Ужо столькі прыніжэнняў таксістаў, што больш няма куды, — абураецца кіроўца сярэдніх гадоў, які выйшаў на плошчу. — Банкамат — 10 мільёнаў, рэканструкцыя таксометра — 5 мільёнаў, чып — 1,5 мільёна… Дзе іх браць, калі народ зарабляе 2,5 мільёна? Адкуль узяць грошы? Калі ў іх няма грошаў — у нас тым больш не будзе. Перабіваемся, абы дзень да вечара пратрымацца, што казаць… Паміраць не збіраемся. Будзем змагацца!”.
Калі сітуацыя не зменіцца, таксісты абяцаюць вярнуцца на галоўную плошчу Гродна праз тыдзень. Тады, як сцвярджаюць аўтары ініцыятывы, кіроўцаў выйдзе значна больш.